Мітрапаліт Кандрусевіч на радыё-Імшы 25 снежня: Божае Нараджэнне — дар і ласка, але адначасова і заданне |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.12.2016 09:30 |
«Сёння мы разам з бэтлеемскімі пастушкамі спяшаемся да батлейкі, каб убачыць, што там сталася. Мы бачым там Немаўлятка Езуса, Марыю, Юзафа, хатніх жывёлаў і разам з анёламі спяваем: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі”», — такімі словамі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў удзельнікаў святой радыё-Імшы 25 снежня, ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. «Мы спяваем Езусу, таму, які быў ад пачатку, які ёсць і які прыходзіць. Дзякуючы цуду Бэтлеемскай ночы Бог стаўся чалавекам. Ён прыйшоў у наш свет з чалавечым абліччам і чалавечым сэрцам, каб быць Богам з намі», — нагадаў у гаміліі арцыпастыр. Як падкрэсліў іерарх, Бог прыйшоў да сваіх, але яны не прынялі Яго: «Пра гэта нагадвае нам св. апостал Ян у сённяшнім Евангеллі. Ён са смуткам глядзіць, як свет, створаны Богам, не пазнаў свайго Створцу, і Ён стаў яму чужым». «Святы апостал Ян кажа, што тым, хто Яго прыняў, Ён даў моц быць Божымі дзецьмі. Прыняў Яго сотнік з Кафарнаўма, і мы паўтараем яго словы падчас св. Імшы: “Пане, я не варты, каб ты прыйшоў да мяне…” Прыняла жанчына хананеянка, якая прасіла аздаравіць яе дачку. Прыняў мытнік Левій, які стаў апосталам Мацвеем. Прыняла публічная грэшніца, якую Ён не асудзіў. Прынялі простыя галілейскія рыбакі, якія сталі апосталамі, — рыбакамі душ чалавечых», — працягваў Мітрапаліт. Святы апостал Ян кажа, што Слова сталася целам і пасялілася сярод нас. «Ці мы можам сказаць, што Езус ёсць сярод нас, і ці прымаем мы Яго? Можа, Яго ласка была дадзена нам дарэмна? Можа, мы ходзім у касцёл, спяваем калядкі, наведваем яслі толькі таму, што такая традыцыя?» Можна паставіць шмат падобных пытанняў, на якія Езус чакае адказу. Ад гэтага адказу, як сцвердзіў іерарх, залежыць наша духоўнае жыццё і вечнасць. «Нельга задаволіцца святамі, якія прыходзяць і праходзяць, не пакідаючы ў нашых сэрцах свайго следу», — дадаў арцыпастыр. Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас радыё-Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. «Бог стаўся чалавекам, каб мы былі падобнымі да Яго. Божае Нараджэнне з’яўляецца дарам і ласкай, але адначасова і заданнем, каб Езус сваёй ласкай нараджаўся ў нашых сэрцах, каб мы прымалі Яго праз згоднае з Яго вучэннем жыццё. Божае Нараджэнне не павінна ўспрымацца толькі як гістарычная падзея, але як рэальнасць нашага часу, калі Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых сэрцах і праз нас — у нашым грамадстве», — падкрэсліў арцыбіскуп. На святы Божага Нараджэння і надыходзячы Новы 2017 год іерарх пажадаў поўні Божага благаслаўлення, Хрыстовага супакою, радасці і шчасця. «Нямаўлятка Езус, падымі сваю руку і благаславі нас і нашу Бацькаўшчыну, Беларусь», — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч. (DN), (VGr) |