Мітрапаліт Кандрусевіч падчас вігілійнай Імшы ў Ракаве: зоркі нараджаюцца і паміраюць, Бэтлеемская зорка не памерла |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.12.2016 11:12 |
Увечары 24 снежня, у вігілію ўрачыстасці Нараджэння Пана, традыцыйна ва ўсіх касцёлах свету цэлебруецца прыгожая літургія. У нашай краіне штогод з розных касцёлаў ладзіцца тэлетрансляцыя вігілійнай святой Імшы. Сёлета яна праходзіла з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На пачатку святой Імшы арцыбіскуп разам з прэзбітэрамі, дыяканамі і асістай накіраваўся да галоўнага алтара, каб адтуль праз галоўную наву касцёла прынесці фігуру Дзіцяці Езуса да стаенкі, усталяванай перад касцёлам, і пакласці фігуру Хрыста ў яслі. Пасля гэтага Мітрапаліт Кандрусевіч асвяціў стаенку і прачытаў кароткую малітву. Іерарх пакарміў жывёлаў, якія ў гэтыя святочныя дні будуць знаходзіцца побач з батлейкай вакол ракаўскага касцёла.
На заклік арцыпастыра «няхай засвеціць зорка Бэтлеема» з касцёла данёсся калядны спеў, а вежаў святыні паліліся гукі званоў, у неба паляцелі агні феерверкаў. Пад урачысты спеў і звон званоў працэсія накіравалася ў касцёл, 110-годдзе якога адзначаецца сёлета. Гучным хорам парафія заспявала «Хвала на вышынях Богу…». «Сёння Касцёл скіроўвае наш позірк у напрамку Бэтлеема, дзе заззяла Бэтлеемская зорка, святло якой свеціць і сёння. Вядома, што зоркі нараджаюцца і паміраюць. Бэтлеемская зорка не памерла, яна свеціць, бо яе святло — гэта святло вечна жывога і актуальнага Евангелля», — адзначыў падчас гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч.
«Прыйсце Сына Божага ў свет звязана з аб’яўленым адразу пасля грэхападзення Адама і Евы Божым планам збаўлення чалавека. Таму Уцелаўленне — гэта таксама ўваход бязгрэшнага Бога ў сферу чалавечай грэшнасці з мэтай прыняць на сябе грахі чалавецтва і ў чалавечым целе перажыць драму аддалення і адначасова драму вяртання чалавека да Бога», — працягваў іерарх. У гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на выклікі, з якімі сутыкаецца сучаснае грамадства. Адным з іх іерарх назваў крызіс сям’і і веры: «У сем’ях астывае дух малітвы. Бацькі ўсё радзей даюць прыклад сапраўднага рэлігійнага жыцця сваім дзецям. Змяняецца само паняцце сям’і, як Богам устаноўленага адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця і дапамогі адно аднаму, нараджэння патомства і яго выхавання. Замест гэтага заканадаўства палова краін Еўрасаюза ўжо легалізавала гомасексуальныя сужэнствы і пры гэтым з правам усынаўлення. Дзіцяці патрэбны бацька і маці. Хто ў такім выпадку іх заменіць? Хто ахіне ўсыноўленых дзяцей матчынай ласкай? Хто ў іх выхаванні заменіць патрабуючую любоў бацькі?»
Арцыпастыр выказаў таксама сваю занепакоенасць адносна стаўлення сучаснага грамадства да такога вялікага дару, як жыццё чалавека: «Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, дэвальвуецца. Жыццё становіцца таварам, які можна набыць і прадаць. Выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, ім можна маніпуляваць. Распаўсюджваецца практыка абортаў, што з’яўляецца забіццём ненароджанага жыцця. Аборт — гэта акт агрэсіі супраць бездапаможнай і безабароннай чалавечай істоты. Ён вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі з яе наступствамі, у тым ліку да міграцыйнага працэсу, які ў Заходняй Еўропе перарадзіўся ў вялікі крызіс. З аднаго боку, міграцыя выклікана сітуацыяй у Сірыі, на Блізкім Усходе і ў некаторых краінах Азіі. Але з іншага боку, Еўропа патрабуе гэтай міграцыі. Гэта наступства дэмаграфічнага крызісу: стары кантынент старэе і патрабуе новых рук для працы».
На заканчэнне літургіі Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў усіх са святамі: «У гэтае радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння сардэчна віншую ўсіх вас і жадаю, каб Езус сваёю ласкай нарадзіўся ў вашых душах і быў прысутны на вашых жыццёвых шляхах як той, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём». Завяршылася святочная Эўхарыстыя дзяленнем аплаткай пад калядныя спевы. (DN), (VGr) Фота Таццяны Сівец |
Фотарэпартаж |