«Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе па згубленую, пакуль не знойдзе яе? А знайшоўшы, возьме яе на плечы свае з радасцю і прыйдзе дадому, пакліча сяброў і суседзяў, кажучы ім: Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку. Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння».
«Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем».
«Адзін з тых, хто ўзляжаў з Езусам, сказаў Яму: Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым. А Ён сказаў яму: Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. І калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова. І пачалі ўсе, як адзін, адмаўляцца. Першы сказаў яму: Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне. Другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне. Іншы сказаў: Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці».
«Езус сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ў адказ не паклікалі, і ты атрымаў бы адплату. Але, калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калекаў, кульгавых, невідушчых, і шчаслівы будзеш, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрасення справядлівых».
«Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць».
«Адзін кніжнік, падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх? Езус адказаў: Першая такая: Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім,і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Другая: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя».
«Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі. Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць. Таму што яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх. Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям».
«...Kалі будзеш запрошаны, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: Дружа, перасядзь вышэй. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою. Кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцц».
«Калі Езус прыйшоў у суботу да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім. І вось стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку. У адказ Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: Ці дазволена вылечыць у суботу ці не? Яны ж маўчалі. І дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў. А ім сказаў: Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў калодеж, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату? І не маглі запярэчыць Яму на гэта».
«Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі. Вось вам застаецца дом ваш. Бо кажу вам, што не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: Благаслаўлёны той, хто ідзе ў імя Пана!»