Прэзбітэрскае пасвячэнне абодва дыяканы Гродзенскай дыяцэзіі атрымаюць 29 красавіка. У гэты дзень у 10.00 у гродзенскай катэдры пройдзе ўрачыстая святая Імша, на якой выпускнікі гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі атрымаюць пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.
28–30 красавіка ў Брэсце пройдуць рэкалекцыі для моладзі. Арганізоўваюць дні духоўнага засяроджання сёстры Кармэлітанкі Дзіцятка Езус, якія нясуць служэнне пры мясцовай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Тэма сустрэчы — «Пакліканне ў жыцці хрысціяніна».
1 мая пры парафіі Святой Тройцы ў Росіцы (Віцебская дыяцэзія) пройдзе малітоўная сустрэча сем’яў. Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Па традыцыі ў першую нядзелю мая — сёлета гэта 7 мая — у святынях Гродзенскай дыяцэзіі моляцца за тых, хто даў ім жыццё, а для памерлых мам просяць вечнага шчасця ў небе.
6–8 мая пры парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку пройдуць Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Дэвіз сёлетняга форуму — «Вялікія рэчы ўчыніў нам Бог праз Марыю».
9 мая ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку (вул. Міцкевіча, 1) адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі пад назвай «Духоўныя святыні маёй Бацькаўшчыны» ў выкананні Заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі». Пачатак у 13.30.
9 мая з Пінска вырушыць традыцыйная пешая пілігрымка ў Лагішын, да санктуарыя Маці Божай, Каралевы Палесся. Сёлета ў Лагішыне адзначаюць 20-ю гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза Каралевы Палесся, якая была здзейснена з благаслаўлення святога Яна Паўла ІІ. Кароны на абраз усклаў кардынал Казімір Свёнтэк 10 мая 1997 года.
З 7 па 9 мая ў парафіі Св. Юзафа ў Оршы адбудзецца рэкалекцыйны курс «Давід» на тэму духоўнай барацьбы. Гэтая тэма датычыць кожнага веруючага.
На шляху ў санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліна пілігрымы з Віцебска пераадолеюць пешшу 40 км. У дыяцэзіяльным санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліне 13 мая будзе адзначацца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Фацімы.
13 мая ў літургічны ўспамін Маці Божай Фацімскай у Вілейцы адбудзецца начная працэсія са свечкамі. У гэты дзень фігура Маці Божай, пілігрынацыя якой праходзіць у Беларусі, завітае ў вілейскую парафію Узвышэння Святога Крыжа і прабудзе тут да 16 мая.
13 мая ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы пройдзе выступленне заслужанага калектыва «Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
У парафіі Маці Божай Фацімскай і Св. Язафата Кунцэвіча ў Шуміліне з нагоды юбілея фацімскіх аб’яўленняў 12-13 мая пройдуць парафіяльныя ўрачыстасці.
Футбольны турнір «Кубак Дамініка Савіо» пройдзе 13 мая ў Бараўлянах. Да ўдзелу запрашаюцца каманды з удзельнікамі ва ўзросце 13–15 гадоў.
Парафія Святога Апостала Андрэя запрашае моладзь Мядзельскага дэканата прыняць удзел у конкурсе біблійных ведаў, які адбудзецца 13 мая і прымеркаваны да 500-годдзя першай беларускай Бібліі.
«Сужэнскія сустрэчы» праводзяць рэкалекцыі-ўікенды па аднаўленні і паглыбленні сужэнскай еднасці і любові.