Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Pro-life «на колах». У Беларусі прайшоў першы аўтапрабег супраць абортаў
Беларусь
07.06.2011 13:31

4 чэрвеня 2011 г. адбыўся першы ў Беларусі аўтапрабег супраць абортаў. Арганізатарам акцыі выступіў дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы».

Незвычайная ідэя абароны зачатых дзяцей пры дапамозе аўтапрабега была запазычана ў расійскіх аднадумцаў, якія такім чынам ужо на працягу некалькіх год абараняюць годнасць немаўлят.

Прысвечаная сусветнаму дню абароны дзяцей, акцыя прайшла адразу ў трох гарадах нашай краіны. Гарадскія ўлады Магілёва, Віцебска і Брэста з асцярожнасцю аднесліся да незвычайнага мерапрыемства, але, дзякуючы Божай падтрымцы, далі дазвол на яго правядзенне.

Калона машын са сцягамі і наклейкамі дзве гадзіны прыцягвала ўвагу жыхароў Магілёва ў тую суботнюю раніцу. Дзякуючы некалькім прыпынкам, у шматлюдных месцах была магчымасць звярнуцца да зацікаўленых і паразмаўляць з імі.

Віцебскі аўтапрабег аказаўся больш імклівым, але суправаджэнне ДАІ надало яму пэўную важнасць. Аўтапрабег распачаўся ад касцёла святой Барбары і завяршыў свой шлях каля касцёла Езуса Міласэрнага.

Дзякуючы міжканфесіянальным адносінам, аўтапрабег адбыўся і ў Брэсце. Там ён прайшоў дзякуючы прадстаўнікам праваслаўнага брацтва. Да калоны машын брэсцкіх абаронцаў жыцця далучыўся таксама і матацыкліст, аздобіўшы свой транспартны сродак прыгожым сцягам.

Рэакцыю сведкаў аўтапрабега можна акрэсліць як станоўчую. На жаль, часам вочы прахожых выдавалі сум і, мабыць, пачуццё віны. Сапраўды, гэтая тэма вельмі балюча адбіваецца ў сэрцах большасці беларусаў, але, спадзяёмся, менавіта гэтае пачуццё прывядзе да пакаяння і выратавання. Вельмі прыемна было адчуваць падтрымку сузіральнікаў у выглядзе ўсмешак, паднятых рук і аўтамабільных сігналаў.

Акцыя атрымала шырокую падтрымку мясцовых тэлекампаній і газет, што надало ёй яшчэ большую маштабнасць. Спадзяёмся, распачатая справа будзе мець свой працяг у наступным годзе.

Святлана Варанко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.