Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь Беларусі да Папы: хочам падзяліцца ўсмешкамі і радасцю сваіх сэрцаў
Беларусь
13.12.2011 13:31

Аплатка ад беларускай каталіцкай супольнасці накіравана папу Бэнэдыкту XVI па пошце. З дадзенай ініцыятывай выступіў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас моладзевага адвэнтавага чування ў мінскай архікатэдры 11 снежня 2011 г.

У Італіі традыцыі дзяленнем аплаткай няма. Таму, на думку Апостальскага нунцыя, Святы Айцец будзе асабліва рады пазнаць і далучыцца да традыцый Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Разам з аплаткай беларуская моладзь накіравала Бэнэдыкту XVI ліст. У ім адзначаецца, што белы хлеб сімвалізуе чысціню і радасць сэрцаў, а «ламаць яго — значыць дзяліцца імі з бліжнімі, адорваць іх сваёю любоўю на ўспамін той бязмежнай Любові і той бясцэннай Ахвяры, якую Хрыстус прынёс свету».

«Мы хочам падзяліцца з Вамі сваёю маладосцю, каб Вам ніколі не бракавала сілаў у кіраванні сусветным Касцёлам, хочам падзяліцца ўсмешкамі і радасцю сваіх сэрцаў, каб праз Вас яны трапілі туды, дзе яны патрэбныя, хочам падзяліцца сваімі рукамі — гатоўнасцю працаваць на чале з Вамі, каб Божае Валадарства прыйшло на зямлю», — адзначаецца ў лісце.

«Шчыра жадаем, каб Бог Айцец благаслаўляў Вас, каб Дух Святы шчодра напаўняў сваімі дарамі, каб нованароджаны Хрыстус, наш прамяністы Усход, асвятляў кожную хвіліну Вашага жыцця, даў моц ва ўсіх выпрабаваннях і цяжкасцях, а Багародзіца падтрымлівала Вас сваёю матчынаю рукою. Мы ж, у сваю чаргу, молімся за Вас і ва ўсіх Вашых інтэнцыях!» — адзначыла беларуская моладзь у лісце да Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.