Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні першага Дня Іерусаліма ў Мінску |
Беларусь |
08.05.2013 11:51 |
7 мая ў Мінску ўпершыню адзначылі Дзень Іерусаліма. З гэтай нагоды Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у малітве супольнасці прагрэсіўнага юдаізму ў сталічнай сінагозе. Рабін гэтай супольнасці Рыгор Абрамовіч запрасіў Мітрапаліта прыняць удзел у адкрыцці месца, дзе знаходзіцца Тора. У сваім слове каталіцкі іерарх нагадаў пра тое, што Іерусалім сапраўды з’яўляецца ўнікальным горадам трох рэлігій — юдаізму, хрысціянства і ісламу. Мітрапаліт выказаў таксама свае пачуцці ад наведвання Іерсуаліма, кажучы, што гэты горад нельга апісаць, таксама як недастаткова пра яго гаварыць, бо яго трэба адчуць. «Калі мы ходзім па гэтым горадзе, то датыкаемся да камянёў, якія з’яўляюцца сведкамі гісторыі збаўлення; камянёў, па якіх хадзілі прарокі і Збаўца. Ерузалем, як горад Бога і міру, павінен аб’ядноўваць усіх», — адзначыў арцыбіскуп. Мітрапаліт павіншаваў прысутных са святам і сказаў, што Дзень Іерусаліма павінен стаць днём, які святкавалі б разам тры рэлігіі — хрысціянства, юдаізм і іслам. Гэта прапанова іерарха адразу была падтрымана.
Фота Андрэя Пратасевіча
|