Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сінод Біскупаў: «мучаніцтва» ў секулярным свеце, міжрэлігійны дыялог і свецкія вернікі
Дзяржава Ватыкан
16.10.2012 11:24

Cёмы дзень працы генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, 15 кастрычніка, быў прысвечаны выступленням сінадальных Айцоў. Была звернута ўвага не толькі на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца хрысціяне Афрыкі, у прыватнасці Малі, але і паслядоўнікі Хрыста на еўрапейскім кантыненце, дзе глабалізацыя і секулярызм фарміруюць новыя віды «мучаніцтва», дзе Бога не толькі выключаюць з усіх сфер, але і часам зусім Яго не ведаюць.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, новая евангелізацыя, паводле ўдзельнікаў асамблеі, можа абапірацца на тры інструменты: свецкіх вернікаў, сем’і, экуменічны і міжрэлігійны дыялог. Кардынал Ёсіп Базаніч з Харватыі адзначыў важнасць памяці аб мучаніках за веру ў краінах, якія нядаўна перажылі пераслед. Яны прынеслі плён у выглядзе мноства «новых хрысціян», дзякуючы чаму Касцёл адрадзіўся. Цяпер наступіла эпоха «новага мучаніцтва» ад секулярнага, антырэлігійнага, неталерантнага свету.

Кардынал Антоніо Марыя Вэльё адзначыў важную ролю эмігрантаў у стварэнні моцных супольнасцяў. Старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў звярнуў увагу на падтрымку гэтых катэгорый вернікаў, бо іх прысутнасць у Касцёле з’яўляецца выразам салідарнасці і дыялога са светам.

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і, спыніўся ў сваім выступленні на ролі сям’і, якая павінна быць суб’ектам новай евангелізацыі. Іерарх прыгадаў словы бл. Яна Паўла ІІ, што менавіта «сям’я павінна натхняць новую евангелізацыю».

Старшыня Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў кардынал Франчэска Кокопальмэрыё ўзняў тэму супрацоўніцтва паміж супольнасцямі, асабліва хрысціянскімі, прыгадаўшы, што патрэбна не канфрантацыя, а супрацоўніцтва, найперш з Праваслаўнай Царквой. Улічваючы наступствы секулярызму, як адзначыў іерарх, ёсць патрэба ў цесным супрацоўніцтве паміж супольнасцямі, а таксама ў больш актыўнай ролі свецкіх. Кардынал падкрэсліў станоўчы вопыт супрацоўніцтва і як прыклад прывёў падпісанне сумеснага паслання Канферэнцыі Біскупаў Польшчы і Рускай Праваслаўнай Царквы.

Біскупы Сірыі і Пакістана падзяліліся вопытам новай евангелізацыі ў сваіх краінах, асабліва сярод маладых людзей. Іерархі паведамілі, што мусульманская моладзь часта прымае хрысціянства, шукаючы ў вобразе Бога любячага Айца.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме