Італьянскі часопіс «Аазіс», прысвечаны міжрэлігійнаму дыялогу, апублікаваў даныя аб сітуацыі веры ў краіне. У адпаведнасці з даследаваннем, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, у Італіі католікамі сябе называе пераважная большасць — 78 працэнтаў насельніцтва.
У адпаведнасці з данымі, якія прыводзіць часопіс «Аазіс», у апошнія 40 гадоў колькасць тых, хто наведвае нядзельную святую Імшу, складае ў Італіі каля 30 працэнтаў ад агульнай колькасці. 20 працэнтаў не прымаюць удзелу ў набажэнствах, а палова насельніцтва наведвае касцёл нерэгулярна.
З 78 працэнтаў тых, хто лічыць сябе католікам, толькі 56 працэнтаў вераць у Бога як Асобу і Стварыцеля. Як інфармуе Ватыканскае радыё, атэістамі сябе лічаць 5 працэнтаў ад агульнай колькасці італьянцаў.
Як адзначаюць даследчыкі, з 48 краін Еўропы Італія на 39-м месцы па ўзроўні секулярызацыі. На першых жа месцах знаходзяцца ўсходняя частка Германіі, Чэхія, Швецыя, Эстонія і Францыя. Найменш закрануты гэтым феноменам Мальта, Кіпр, Турцыя, Грузія і Польшча. (AG)
|