5 чэрвеня біскуп Антверпенскі (Бельгія) Джоан Бонні, адзін з удзельнікаў ІV Еўрапейскага Каталіцка-Праваслаўнага Форума, што праходзіў у Мінску, цэлебраваў Імшу ў салезіянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах. У гэты дзень Форум завяршыў сваю працу.
У гаміліі біскуп распавёў прысутным парафіянам аб Форуме, надзеях, звязаных з ім, што праваслаўныя і католікі будуць разам бараніць свае хрысціянскія каштоўнасці ў Еўропе.
Іерарх расказаў і аб сваёй дыяцэзіі, аб яе радасцях і клопатах, параўнаўшы сітуацыю Касцёла ў Бельгіі да сітуацыі ў Беларусі.
Біскуп звярнуў увагу таксама на сакрамэнт Эўхарыстыі, падкрэсліўшы яго важнасць як для жыцця паасобнага верніка, так і жыцця супольнасці. Адзначаючы, што ў яго дыяцэзіі, асабліва ў Антверпене, шмат эмігрантаў з ўсяго свету, іерарх падкрэсліў, як важна для гэтых людзей мець кагосьці, хто дае ім пачуцце адзінства. “Святая Эўхарыстыя - гэта тое, што, хоць мы з розных краін і кантынентаў, нас усіх яднае; гэта Хрыстус, якога мы святкуем у Эўхарыстыі, які ведае кожнага з нас паасобку і благаслаўляе нас, і гэта наша моцная вера, якая дапамагае жыць”, - адзначыў біскуп.
Пасля Імшы салезіянская супольнасць запрасіла госця на супольную вячэру. Кс. Віктар Гайдукевіч, AG
|