Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскім касцёле свв. Сымона і Алены цэлебраваў Імшу арцыбіскуп Паоло Пеццы
Беларусь
06.06.2014 11:57

5 чэрвеня, у дзень завяршэння працы IV Еўрапейскага Каталіцка-Праваслаўнага Форума, Імшу ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску ўзначаліў Мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Паоло Пеццы. У шэрагу каталіцкіх і праваслаўных іерархаў розных краін Еўропы арцыбіскуп прымаў удзел у Форуме, што праходзіў у беларускай сталіцы.

У Імшы ўдзельнічалі Генеральны сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы кс. Дуартэ да Кунья, а. Станіслаў Станеўскі, кс. Эдмунд Друз, пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Завальнюк.

У гаміліі арцыбіскуп Паоло Пеццы, між іншым, адзначыў: “Сёння мы чулі ад Езуса, што Ён моліцца не толькі за тых, каго паклікаў, але і за ўсіх тых, хто пасля іх будзе верыць”. Гэта, па словах іерарха, “вельмі важна, істотна для ўсяго Касцёла: знаходзіцца ў той групе людзей, за якіх сам Езус моліцца, у той, у якой мы верым у Хрыста праз дзве тысячы гадоў”.

Арцыбіскуп адзначыў, што “прабыванне Езуса на зямлі, Яго смерць, Яго ўваскрасенне напаўняе, натуральна, наша сэрца пакорай, падзякай”, таму што “мы разумеем, што гэта значыць – узяць Езуса Хрыста ў свае абдымкі”. “Мы цудоўна разумеем, што такое адчуць гісторыю Касцёла, - дадаў іерарх. – Магчыма, гэта наша гісторыя, гісторыя тых людзей, дзякуючы якім пакаленне за пакаленнем вера прыйшла ў свет. Наша сэрца напаўняецца радасцю, удзячнасцю, калі ўспамінаем усіх тых, хто нам асабіста перадаў багацце веры”.

Узгадваючы асабістых сведкаў веры, арцыбіскуп Паоло Пеццы сказаў пра сваіх блізкіх: “Я зараз думаю пра сваю маці, пра сяброў, якія бескарысліва дазволілі мне сустрэць жывога Хрыста”. Дадаючы, што ў гэты дзень Касцёл адзначаў успамін св. Баніфацыя, біскупа і мучаніка, “аднаго з вялікіх сведкаў Касцёла”, іерарх заўважыў, што гэты святы “якраз аддаў усё сваё жыццё” дзеля тых народаў, якія “раней ніколі не чулі самай галоўнай весткі, самай важнай навіны, што Бог стаў адным з нас, што Ён уцелавіўся, каб вызваляць жыццё кожнага чалавека”.

Іерарх дадаў, што “хацеў бы, каб народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы” маглі б “услухацца ў гэтую навіну, навярнуцца і такім чынам атрымліваць асалоду ад сустрэчы з Хрыстом”. “Але гэта кажа яшчэ аб адным: мы, якія атрымалі гэты дар, атрымалі веру, не можам захаваць яе, як быццам паклаўшы ў скрыню. Вера захоўваецца толькі праз яе вобраз. Гэта значыць, што мы пакліканы перадаць тое, што самі атрымалі, - падкрэсліў арцыбіскуп Паоло Пеццы. – У гэтым заключаецца не толькі магчымасць пашырэння, распаўсюджвання Касцёла, але ад гэтага і залежыць тое, каб прыняць веру ў наша жыццё, каб мы пакорна, але верна перадалі яе тым, каго сустракаем у нашы дні на нашым шляху”.

Акрэсліваючы змест IV Каталіцка-Праваслаўнага Форума, які адбыўся ў гэтыя дні ў сталіцы, біскуп адзначыў, што яго ўдзельнікі “абмеркавалі якраз пытанні, звязаныя з тым, якім павінен быць і якім з’яўляецца хрысціянін менавіта ў гэтым” – “што хрысціяніні не можа проста пагадзіцца з тым, каб спакойна жыць, але паклкіаны ісці шляхам духоўных каштоўнасцяў, як сам Хрыстус”.

Даручаючы справы веры заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп заклікаў: “Папросім у Маці Божай, каб мы маглі следам за Ёй пакорна і верна дзяліцца нашай верай, з радасцю перадаць нашу веру іншым, найперш тым пакаленням, якія будуць пасля нас”.

Наталля Лаўрэнка, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.