Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Арадэйскі Віргіль Берчэа ўзначаліў Імшу ў мінскай архікатэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.06.2014 11:19

Раніцай 6 чэрвеня ў мінскім катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебраваў Імшу біскуп Арадэйскі Віргіль Берчэа (Грэка-Каталіцкая Царква ў Румыніі). Біскуп сярод іншых каталіцкіх і праваслаўных іерархаў розных краін Еўропы прымаў удзел у ІV Каталіцка-Праваслаўным Форуме, што праходзіў у Мінску.

У Імшы ўдзельнічалі таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Генеральны сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы кс. Дуартэ да Кунья.

У гаміліі біскуп Віргіль Берчэа ўзгадаў пра перыяд пераследу веры ў сваёй краіне, распавёў пра свой шлях да святарства.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў біскупу за цэлебрацыю Імшы. Мітрапаліт дадаў, што напярэдадні завяршылася праца ІV Каталіцка-Праваслаўнага Форума, многія з яго ўдзельнікаў – арцыпастыраў з розных месцаў Еўропы – выехалі назад у свае краіны, і сімвалічна, што апошнім з гасцей Форума, хто цэлебраваў Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле, стаў іерарх з Румыніі. Гісторыя яго краіны, як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, сугучная ў многім з беларускай, бо яго народ таксама зведаў на сваім гістарычным шляху пераслед веры, перажыў многія цяжкасці на шляху да Хрыста.

Мітрапаліт выказаў падзяку румынскаму біскупу за яго “сведчанне чалавека веры”, якім ён падзяліўся ў гаміліі з парафіянамі мінскага архікатэдральнага касцёла.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.