Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскім архікатэдральным касцёле ўзначаліў Імшу арцыбіскуп Трэнцкі Луіджы Брэссан (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.06.2014 22:50

Увечары 5 чэрвеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў Імшу арцыбіскуп Трэнцкі Луіджы Брэссан – адзін з іерархаў, якія прымалі ўдзел у ІV Каталіцка-Праваслаўным Форуме, што праходзіў у сталіцы Беларусі. У гэты дзень Форум завяршыў свае працоўныя пасяджэнні.

Менавіта ў Трэнта (Італія), дзе арцыбіскуп Брэссан з’яўляецца ардынарыем, праходзіў у 2008 г. першы Каталіцка-Праваслаўны Форум. Іншыя два адбыліся ў 2010 г. на Родасе (Грэцыя) і ў 2012 г. у Лісабоне (Партугалія).

У Імшы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Сандамірскі Кшыштаф Ніткевіч, Генеральны сакратар Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы кс. Дуартэ да Кунья.

У гаміліі арцыбіскуп Луіджы Брэссан звярнуў увагу, што ў гэты дзень Касцёл узгадвае св. Баніфацыя, біскупа-місіянера і мучаніка. Гэты святы складаў першую пісьмовую англійскую граматыку, а ў 718 г. Папа Грыгорый ІІ скіраваў Баніфацыя з евангелізацыйнай місіяй у паганскую ў тыя часы Цюрынгію.

Па словах арцыбіскупа, святы Баніфацый шмат зрабіў у справе евангелізацыі Еўропы, а таксама еднасці хрысціян. Іерарх адзначыў, што гэты біскуп-місіянер імкнуўся несці Евангелле і “сваім жыццём заплаціў за тое, што нёс праўду Хрыста”.

Арцыбіскуп Трэнцкі папрасіў вернікаў аб малітве за місіянераў, якія нясуць людзям Божае слова таксама ў наш час.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў італьянскаму іерарху за цэлебрацыю Імшы, за заахвочванне маліцца за сённяшніх місіянераў. Мітрапаліт адзначыў, што сёння важна несці Евангелле таксама тым, хто быў ахрышчаны, але “страціў пачуццё хрысціянства”, тых, “у кім іх хрысціянства прыйшло ў заняпад”. Беларускі арцыпастыр пажадаў арцыбіскупу Луіджы Брэссану, біскупу Кшыштафу Ніткевічу, а таксама іх дыяцэзіям, Божага благаслаўлення.

На заканчэнне Імшы арцыбіскуп Луіджы Брэссан распавёў прысутным вернікам, што ў яго вялікая дыяцэзія, у якой шмат выхадцаў таксама з іншых краін. Іерарх прызнаўся, што для яго вялікі гонар цэлебраваць Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле, тым больш што ў гэтым годзе ён святкуе два юбілеі: 50 гадоў святарства і 25 - біскупства. Таксама арцыбіскуп падзяліўся, што разам са сваімі сябрамі-іерархамі збіраецца паехаць у пілігрымку ў Фаціму – месца славутых аб’яўленняў Маці Божай.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.