Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: Мы сабраліся на IV Каталіцка-Праваслаўны Форум, каб дапамагчы чалавеку вярнуцца да Бога
Іерархі
06.06.2014 14:49

“Мы сабраліся на гэты Форум, каб дапамагчы чалавеку вярнуцца да Бога”, - адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр распавёў Catholic.by пра значэнне IV Еўрапейскага Каталіцка-Праваслаўнага Форума, які праходзіў у Мінску з 2 па 6 чэрвеня і ў якім прынялі ўдзел прадстаўнікі 22 краін.

Па словах Мітрапаліта, сёння, калі “Еўропа становіцца ўсё больш шматканфесійнай, калі гук званоў хрысціянскіх святыняў заглушаецца гукам велізарных будынкаў, у якіх знаходзяцца розныя карпарацыі”, калі “чалавек адыходзіць усё далей ад Бога”, удзельнікі Форума “яшчэ раз паспрабавалі звярнуць увагу чалавека на Бога, паставіць у цэнтр яго жыцця Езуса Хрыста і Яго Евангелле”. “Мы паспрабавалі паказаць, што, сапраўды, як у серыяле “Багатыя таксама плачуць”, багацце не вырашае ўсіх праблем, не робіць чалавека шчаслівым”, - дадаў арцыпастыр.

“Таксама мы бачым, што Еўропа становіцца не толькі шматканфесійнай, шматрэлігійнай, але і шматкультурнай, - адзначыў іерарх. - Да таго ж у кожнай краіне ёсць яшчэ і свае падзелы ў гэтым сэнсе. Кожны ўносіць нешта сваё ў жыццё нашага кантынента. Але, зноў жа, мы хочам звярнуць увагу, што існаванне ўсіх гэтых культур – гэта добра, нармальна, але ў нас ёсць і культура хрысціянская, тая, якая мае хрысціянскія карані. Важна, каб мы ад яе не адмовіліся”.

Важна, па словах арцыбіскупа, і тое, што прадстаўнікі 22 краін Еўропы - што значна больш, чым на Чэмпіянаце свету па хакеі, дзе былі прадстаўлены 16 краін, - “павязуць з сабой свае ўражанні аб Беларусі”. Нагадваючы пра Імшу, якая адбылася ў мінскім архікатэдральным касцёле 5 чэрвеня і якую ўзначаліў адзін з удзельнікаў Форума - арцыбіскуп Сараеўскі (Боснія і Герцагавіна) кардынал Вінко Пуліч, - Мітрапаліт звярнуў увагу, што на Імшы прысутнічала шмат вернікаў, хоць яна цэлебравалася вельмі рана - у 7.15. Згадваючы пра набажэнствы з удзелам гасцей Форума таксама ў іншых святынях Мінска, Мітрапаліт адзначыў: “Такім чынам іерархі з еўрапейскіх краін, якія прыбылі да нас, змогуць убачыць відавочна, чым жыве Касцёл у Беларусі, і данесці гэта да людзей у сваіх краінах”.

“Канцэрт духоўнай музыкі, канцэрт харавых калектываў Мінска, экскурсія з наведваннем Нацыянальнай бібліятэкі і Гістарычнага музея – усё гэта таксама пашырыць погляд нашых гасцей на Беларусь”, - сказаў іерарх. Арцыпастыр дадаў, што “ўдзельнікі Форума асабліва падкрэсліваюць яго добрую арганізацыю, адкрытасць дзяржаўных структур, уладаў”. “Я прымаю ўдзел ужо ў чацвёртым Форуме, але дагэтуль ні ў адной з краін, дзе яны праходзілі, з намі не сустракаліся Прэзідэнты, не было сустрэчы на такім узроўні, - адзначыў Мітрапаліт. - Гэта было вельмі ацэнена ўсімі ўдзельнікамі Форума”. Па словах іерарха, госці заўважаюць і чысціню горада, а найбольш звяртаюць увагі “на рэлігійны аспект, на тое, што ў нашых касцёлах прысутнічаюць вернікі”.

“Часам журналісты пытаюцца, ці былі паміж намі, удзельнікамі Форума, якіясьці спрэчкі, - распавёў іерарх. – Спрэчак не было, акрамя хіба што таго, якія словы найлепш падыходзяць па змесце ў выніковым дакуменце”. “Мы сабраліся на гэтую сустрэчу не з той мэтай, каб вырашаць дагматычныя адрозненні, але каб дапамагчы чалавеку вярнуцца да Бога, стаць на хрысціянскія “рэйкі””, – падкрэсліў Мітрапаліт.

Арцыпастыр адзначыў вялікую важнасць паслання Папы Францішка, а таксама Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея з нагоды Форума, узгадаў словы з паслання Патрыярха, што на гэтай сустрэчы панаваў дух таго, што сярод удзельнікаў знаходзіцца Езус. Гэта, дадаў іерарх, важна і ў тым кантэксце, што Патрыярх Барталамей па запрашэнні Папы будзе разам з Пантыфікам маліцца ў Рыме 8 чэрвеня аб міры на Блізкім Усходзе.

Форум, па словах Мітрапаліта, не забыўся ў сваёй працы і пра маладое пакаленне. “Многія ўдзельнікі ў сваіх выступленнях закраналі тэму таго, як жыве моладзь у наш час”, - адзначыў іерарх. На Форуме ўзгадвалася, як распавёў арцыбіскуп, што сёння “многія з маладых людзей знаходзяцца на перыферыі жыцця”, і “трэба новай мовай, даступнай для маладога чалавека, абвяшчаць яму Евангелле”. “Сёння трэба выкарыстоўваць тыя сродкі абвяшчэння Евангелля, якія больш прымальныя для маладога чалавека, - заўважыў арцыпастыр. – Усе мы вельмі заклапочаны духоўным станам моладзі, бо ад гэтага залежыць жыццё Касцёла ў Еўропе і на сучасным этапе, і ў будучыні”.

Тое, што IV Каталіцка-Праваслаўны Форум прайшоў у Мінску, адыгрывае важную ролю, па словах Мітрапаліта, для іміджу краіны і Касцёла ў Беларусі, а прыезд прадстаўнікоў шматлікіх еўрапейскіх краін можа шмат прынесці беларускім вернікам. Узгадваючы пра прысутнасць многіх вернікаў на Імшы 5 чэрвеня ў архікатэдральным касцёле, якую цэлебраваў кардынал Вінко Пуліч, Мітрапаліт адзначыў, што гэта чалавек, які перажыў балканскую вайну і які сёння “моцна заклапочаны тым, як адказваць на выклікі нашага часу, як данесці да людзей Евангелле ў абставінах былой Югаславіі, дзяржавы шматнацыянальнай і шматкультурнай”.

Мітрапаліт згадаў, што прыкладна 10 гадоў таму наведаў Сараева, у той час, калі на вуліцах там былі варонкі ад бомбаў. “Усё гэта, вядома, трэба лячыць, але трэба лячыць і чалавечыя душы, - адзначыў іерарх. – Часта мы хочам бачыць чалавека, які быў удзельнікам якіхсьці падзей, - менавіта такім і з’яўляецца кардынал Пуліч, які ў тыя часы стараўся прымірыць людзей, несці ім праўду Хрыста. Ён пабываў у нас, даведаўся, што таксама і тут калісьці быў пераслед веры, і ўбачыў, што зараз Касцёл на нашай зямлі ажывае”. “Я расказаў кардыналу, што ў мінскай архікатэдры раней была спартыўная зала, мы паглядзелі здымкі, - распавёў арцыбіскуп. – Усё гэта аказвае вялікае ўражанне”.

“Іерархі з еўрапейскіх краін прыехалі на Форум менавіта ў Мінск, - гэта азначае, што Касцёл у Беларусі штосьці значыць у Еўропе, - дадаў Мітрапаліт. – Тое, што такая прадстаўнічая дэлегацыя, праваслаўныя і католікі, разам абмяркоўваюць адны праблемы, павышае імідж краіны і імідж мясцовага Касцёла. А таксама гэта кажа нам, што трэба ісці ў духоўным сэнсе наперад”.

Анастасія Грышан

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію