Дадзены старт XIV Звычайнаму пасяджэнню Сiнода Бiскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце» (+фотарэпартаж) |
Беларусь |
04.10.2015 16:43 |
Ранiцай 4 кастрычнiка Папа Францiшак узначаліў у базылiцы св. Пятра ў Ватыкане святую Iмшу, якая стала пачаткам Сінода Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце». Разам з Пантыфікам Імшу канцэлебравалi Айцы Сiнода. У Сінодзе ўдзельнічае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напярэдаднi вечарам на плошчы св. Пятра ў Ватыкане адбылося малiтоўнае чуванне з удзелам Святога Айца ў iнтэнцыi Сiнода. У чуванні, арганiзаваным італьянскiм епiскапатам, прынялi ўдзел тысячы вернiкаў. Малiтвы i спевы перапляталiся катэхезамi Пантыфіка на тэму сям’і. Сведчаннем падзялiлiся бацькi i дзецi. Папа ў сваiм звароце да вернiкаў назваў сям’ю святлом у цемры сучаснага свету, а прыкладам – Святую Сям’ю. Па словах Пантыфіка, сям’я з’яўляецца месцам евангельскай святасцi, у сям’i патомства выхоўваецца да пазнання Божага плану i яго прыняцця. Сям’я, як дадаў Папа, - гэта таксама месца памяцi пакаленняў i праяўлення салiдарнасцi, братэрства i прабачэння. Пантыфік заклiкаў да малiтвы ў iнтэнцыi Сiнода, каб ён прыгадаў сем’ям, што Евангелле i ў наш час застаецца Добрай Навiной, ад якой неабходна распачынаць.
У гамiлii падчас Iмшы распачацця Сiнода Святы Айцец падкрэсліў, што ў сучасным цяжкiм сацыяльным i сямейным кантэксце Касцёл павiнен перажываць сваю мiсiю адносна сям’i ў вернасцi, праўдзе i любовi. Вернасць, па словах Папы, павiнна праяўляцца ў абароне адзiнасцi i непарыўнасцi сужэнства, а таксама ў абароне найбольш каштоўнага Божага дару, якiм ёсць жыццё, падтрымцы шматдзетных сем’яў i абароне вернай любовi.
Папа звярнуў увагу, што любоў павiнна спадарожнiчаць Касцёлу ў выконваннi яго мiсii і што Касцёл павiнен заставацца любячай мацi, якая лечыць раны алеем мiласэрнасцi.
Сёлетнi Сiнод будзе адбывацца па змененай схеме. Кожны тыдзень будзе прысвечаны разважанням над адной з трох асобных тэм, якiя прадстаўлены ў «Instrumentum laboris» («Працоўным дакуменце»): «Выклiкi сям’i», «Паклiканне да сямейнага жыцця» i «Мiсiя сям’i сёння». Кожны тыдзень працы Сiнода будзе пачынацца выступленнямi Айцоў Сiнода, гасцей, сужэнскiх пар i аўдытараў падчас так званых Генеральных кангрэгацый. Кожны з iх зможа выступiць з трохмiнутнай прамовай. Акрамя гэтага, рэгламентам Сiнода ў некаторыя днi прадугледжаны свабодныя дыскусii цягам адной гадзiны.
Пасля выступлення па тэме кожнай часткi «Instrumentum laboris» падчас Генеральных кангрэгацый дыскусii перанясуцца ў лiнгвiстычныя групы. Кожная з iх выпрацуе сваю рэляцыю, на падставе якiх спецыяльная камiсiя выпрацуе фiнальны дакумент Сiнода, якi будзе прыняты галасаваннем.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якi прымае ўдзел у Сiнодзе, расказаў у размове з Catholic.by, што, калi ішоў у вялікай чарзе бiскупаў праз базылiку св. Пятра на Iмшу распачацця Сінода, то бачыў у вачах вернікаў, сабраных там у вялiкай колькасцi, «тугу па надзеi». «Гэта не былi балельшчыкі, якія знаходзяцца перад экранам тэлевiзара, але людзi, якiя даверылi сябе Богу праз бiскупаў. Цi прачытаем мы ў іх вачах, выходзячы 25 кастрычнiка са святой Iмшы завяршэння Сiнода, спаўненне іх надзеi?» - задаў сабе пытанне беларускі арцыпастыр i папрасiў малiцца, каб сталася так. (DN), (AG) |
Фотарэпартаж |