Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых яркіх падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень
Беларусь
30.11.2015 11:37

Рэкалекцыі свецкіх кармэлітаў у Нарачы, сімпозіум з нагоды 50-годдзя Другога Ватыканскага Сабору, 140 гадоў супольнасці сясцёр назарэтанак, рэкалекцыі для валанцёраў «Карытас» і іншыя падзеі з жыцця Касцёла Беларусі за мінулы тыдзень.

 

Сёстры назарэтанкі адзначылі 140 гадоў супольнасці
Першы дом Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанак) з’явіўся ў Рыме, а затым у Польшчы, ЗША, Парыжы і Лондане. У Беларусь сёстры назарэтанкі прыбылі ў 1908 г. у Гродна, у 1929 годзе адкрываецца іх яшчэ адзін законны дом у Навагрудку.


На беларускіх землях супольнасць працуе ўжо больш за 100 гадоў, служачы ў многіх парафіяльных супольнасцях, асабліва клапоцячыся аб дзецях, моладзі, а перш за ўсё аб фармацыі сем’яў.

Сваю адданасць сем’ям назарэтанкі пацвердзілі ў часы фашысцкай акупацыі. У 1943 г. у Навагрудку 11 сясцёр склалі Богу ахвяру свайго жыцця, каб замяніць арыштаваных бацькаў сем’яў.

Заснавальніцай новай супольнасці выступіла Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра (Францішкa Сядліска), імкненнем якой было жыццё па прыкладзе Найсвяцейшай Сям’і праз малітву, працу і цярпенні, ахвяраваныя за святы Касцёл, Папу і сем’і. Афіцыйна супольнасць была заснавана ў першую нядзелю Адвэнту 1875 г. у Рыме

 

Валанцёры «Карытас» з усёй Беларусі вучыліся разам аказваць медыцынскую дапамогу


Семінар па аказанні першай медыцынскай дапамогі прайшоў для валанцёраў «Карытас» з усёй Беларусі. Дакладчыкам на семінары выступіла «Мальтыйская служба дапамогі», якая дзялілася практычным вопытам на прыкладзе працы валанцёраў ў Германіі.

Вялікі акцэнт быў зроблены на практычнай частцы. Валанцёры вучыліся аказваць першую медыцынскую дапамогу, дапамагаць ляжачым хворым, а таксама практыкаваліся ў розных формах творчых заняткаў з дзецьмі.

 

У Новым Двары маліліся за спачылага кс. Мечыслава Радзішэўскага ў 40-ю гадавіну смерці


Вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Гродзенская дыяцэзія) узгадалі ў малітве ў 40-ю гадавіну смерці кс. Мечыслава Радзішэўскага, былога пробашча парафіі.

Ксёндз Мечыслаў Радзішэўскі нарадзіўся ў 1888 г., служыў у парафіі Св. Ганны ў Лунне, пасля чаго быў арыштаваны і высланы ў Сібір. Пасля вызвалення са сталінскіх лагераў прыбыў у парафію ў Новым Двары і ахвярна служыў там доўгія дзесяцігоддзі.

Святую Імшу ў 40-ю гадавіну смерці святара ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

 

Рэкалекцыі для свецкіх кармэлітаў Беларусі прайшлі ў Нарачы

Удзельнікі Трэцяга ордэна кармэлітаў босых сумесна з а. Пятром Фраштэнгам OCD разважалі над духоўнай сувяззю паміж Божым словам і чалавечым жыццём.

Праграма рэкалекцый уключала штодзённую Эўхарыстыю, Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літургію гадзінаў, час для асабістай унутраннай малітвы.



Біскуп Юзаф Станеўскі сустрэўся з удзельнікамі рэкалекцый цвярозасці
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу на пачатак рэкалекцый цвярозасці, якія прайшлі ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне. У гаміліі іерарх падкрэсліў асаблівую важнасць і значэнне прыняцця святой Камуніі, якая ўзмацняе чалавека ў яго барацьбе з грахом.

У рэкалекцыях, якія арганізаваны ўжо ў 13-ы раз, удзельнічалі госці з Мінска, Пінска, Баранавіч. Сёлета ў іх прымалі ўдзел і госці з Вільнюса. Кожны ўдзельнік неабыякавы да праблемы алкагалізму і наркаманіі ў Беларусі.

 

Капліца ў Жамыслаўлі адзначыла 15-годдзе
Капліца Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай у в. Жамыслаўль (Гродзенская дыяцэзія) ва ўрачыстасць Пана Валадара Сусвету адзначыла 15-годдзе.



У 2000 годзе пробашч суботніцкай парафіі кс. Францішак Галдысь з супольнасці хрыстусоўцаў (таму капліца і носіць тытул Хрыста Валадара) распачаў працу над пабудовай капліцы. 18 лістапада 2000 года адбылося асвячэнне і першая ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У 15-годдзе святыні святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

 

Дыяцэзіі Беларусі ўзгаднілі праграмы на Год Міласэрнасці
Юбілейны Год Міласэрнасці Касцёл у Беларусі будзе перажываць з насычанай праграмай набажэнстваў, сустрэч і мерапрыемстваў. Усе дыяцэзіі ўжо падрыхтавалі і апублікавалі свае праграмы Юбілею.

Як інфармуе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, з надзвычайным юбілейным Годам Міласэрнасці звязаны адпусты. Каб атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у катэдрах або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, або, калі ёсць такая магчымасць, у чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання.

У Беларусі атрымаць адпуст можна будзе, прайшоўшы праз Святыя Дзверы ў мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у катэдрах Віцебска, Гродна, Пінска і Магілёва, у касцёлах Гомеля, Ліды, Брэста, Пінска, Баранавічаў, у санктуарыях у Будславе і Браславе.

 

У Мінску прайшоў сімпозіум да 50-годдзя заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

З дакладамі на сімпозіуме выступілі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а. Яўген Усошын, кс. Ігар Лашук, кс. Кірыл Бардонаў і кс. Юрый Санько.



Сімпозіум сабраў у Чырвоным касцёле Мінска студэнтаў і выпускнікоў Катэхетычнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, а таксама іншых зацікаўленых. Напрыканцы сімпозіума кожны слухач меў магчымасць атрымаць кнігу дакументаў Другога Ватыканскага Сабору на беларускай мове.

 

«Заблукаўшы ў пустыні, чалавек практычна не мае шанцу»: пасланне мітрапаліта Кандрусевіча на Адвэнт

«Заблукаўшы ў пустыні, чалавек практычна не мае ніякага шанцу выйсці з яе самому без чыёйсьці дапамогі, -- адзначае іерарх у сваім пасланні. -- Няма ежы і вады, невядома, у якім напрамку ісці, днём спякота, а ўначы холад. Падобна і з чалавекам, які знаходзіцца ў духоўнай пустыні, калі ён не карыстаецца з дапамогі, якую яму прапануе Касцёл».

Як адзначыў арцыпастыр, Адвэнт, які пачынаецца, «не можа быць толькі чарговай фармальнасцю, але павінен стаць новым этапам нашага духоўнага ўдасканалення і падрыхтоўкі як да святаў Божага Нараджэння».

«Для нас, хрысціян, недастаткова толькі памятаць аб Нараджэнні Божага Сына ў Бэтлееме больш за 2 тысячы гадоў таму. Сваёй ласкай Ён павінен пасяліцца ў нашых душах, каб іх перамяняць і ўдасканальваць», -- заклікае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Беларуская рэдакцыя «Радыё Марыя» змесціцца ў Ляскоўцы


Рэгістрацыя беларускай рэдакцыі вядомага ва ўсім свеце каталіцкага радыё паводле слоў адказнага за беларускае «Радыё Марыя» кс. Аляксандра Тарасевіча знаходзіцца на фінішным этапе.

Паводле слоў святара, усё можа канчаткова вырашыцца на працягу месяца, а месцам працы беларускай рэдакцыі стане адно з памяшканняў «Caritas» Мінска-¬Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы.

«Вяшчанне ў нас будзе пакуль толькі ў інтэрнэце. Да яго пачатку засталося вырашыць толькі тэхнічныя пытанні, але, на жаль, іх не так і мала», адзначае кс. Аляксандр Тарасевіч.

«Радыё Марыя» юрыдычна не будзе лічыцца ні рэлігійнай, ні дабрачыннай арганізацыяй, пры гэтым будзе існаваць за ахвяраванні.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.