Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 самых яркіх падзей з жыцця Касцёла ў Беларусі за мінулы тыдзень
Беларусь
14.12.2015 10:36

Першая парафія Яна Паўла ІІ у Мінску, вышыванка арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на моладзевым чуванні ў мінскай архікатэдры, адкрыццё Брамаў Міласэрнасці і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў Беларусі за апошні тыдзень.

Першая парафія Святога Яна Паўла ІІ з’явілася ў Мінску

Парафія Святога Яна Паўла ІІ была зарэгістравана ў мінскім мікрараёне Дружба ў кастрычніку 2015 года. Пасля Баранавіч і Смаргоні парафія стала трэцяй па ліку ў Беларусі з такой назвай і першай — у Мінску.



8 снежня тут прайшоў і першы арганізацыйны сход з набажэнствам для парафіян.

Як распавёў Сatholic.by кс. Ігар Лашук, які апякуецца парафіяй сёння, зарэгістравана яна была яшчэ ў 2011 годзе, але на той час насіла імя благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Тады, аднак, па розных прычынах парафія не дзейнічала. Перарэгістрацыя парафіі адбылася па ініцыятыве Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пасля абвяшчэння Яна Паўла ІІ святым, а кс. Ігар Лашук быў прызначаны пробашчам новай парафіі.

 

Тэалагічную акадэмію ў Мінску пабудуюць побач з Нацыянальнай бібліятэкай

Будынак будучай Тэалагічнай акадэміі, у якой, як плануецца, адукацыю будуць атрымліваць як духоўныя, так і свецкія асобы, будзе ўзведзены на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава.

Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі перад Божым Нараджэннем, месца па вуліцы Філімонава — недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі — прапанаваў Мінгарвыканкам.

 

«Свет у дотыку»: сумесна з «Карытас» журналісты вучыліся пазнаваць свет па-новаму

Акцыю для журналістаў «Свет у дотыку» на тэму інваліднасці зладзіла дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» сумесна з «Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» і праграмай «Мівія».


Назва «Свет у дотыку» аказалася невыпадковай. Журналісты з розных СМІ змаглі на сабе адчуць, як успрымаюць свет людзі з парушэннямі зроку. Госці мерапрыемства былі пастаўлены ва ўмовы, у якіх кожны дзень знаходзяцца людзі з аслабленым зрокам.

 

У Мінску прайшла сустрэча манахінь Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

У межах сустрэчы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прамовіў канферэнцыю на тэму слоў Хрыста «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29).

Біскуп падкрэсліў, што фундаментальнай цнотай прысвечанай Богу асобы павінна быць пакора; без яе немагчыма быць сапраўдным сведкам евангельскага радыкалізму і Божай Міласэрнасці. «Пакора — гэта пастава таго, хто не зводзіць вачэй з Хрыста і спрабуе наследаваць Яго прыніжэнне; гэта перадусім праўда і гатоўнасць заняць апошняе месца», — дадаў біскуп.

Святую Імшу для сясцёр у гонар Маці Божай Ларэтанскай узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт звярнуў увагу, што ад вернасці манахінь евангельскім парадам будзе залежаць рэалізацыя іх паклікання і місіі ў Касцёле.

 

У Віцебску пазітыўна ацэньваюць аднаўленне касцёла св. Антонія

Як стала вядома на прэс-канферэнцыі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча перад Божым Нараджэннем, Міністэрства культуры Беларусі не бачыць перашкодаў для аднаўлення ў паўночным абласным цэнтры страчанага касцёла св. Антонія.



Пабудаваны ў другой палове XVIIІ стагоддзя цагляны касцёл св. Антонія (першы будынак святыні з дрэва ўзводзіўся ў 1685 годзе, але не ўцалеў ад пажару) прастаяў да 15 красавіка 1958 года, калі яго ўзарвалі бальшавікі.

Былая святыня можа быць адноўлена, але на новым месцы: сёння на былым фундаменце касцёла пабудаваны фантан, таму, каб новы будынак не перашкаджаў транспарту на праезжай частцы, у дачыненні да старога фундаменту новы касцёл прапаноўваюць перасунуць.


Беларускі біскуп правёў рэкалекцыі для парафіян маскоўскай катэдры

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB правёў адвэнтавыя рэкалекцыі для католікаў расійскай сталіцы ў маскоўскай катэдры Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Падчас рэкалекцый беларускі іерарх удзяліў сакрамэнт намашчэння хворым і правёў Lectio Divina для моладзі, а таксама сустрэўся з членамі Жывога Ружанца.

Маскоўская парафія добра знаёмая беларускаму пастыру. У 2003-2005 гг. будучы біскуп працаваў у катэдральным касцёле Масквы ў якасці інспектаральнага сакратара Усходняй акругі ксяндзоў салезіянаў.



Да Бога і з Богам: каталіцкая моладзь з усіх дыяцэзій Беларусі на чуванні ў Мінску

435 чалавек згодна з афіцыйнымі данымі прыбыло ў мінскую архікатэдру ў ноч з 12 на 13 снежня на адвэнтавае чуванне моладзі. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а перад яе пачаткам прайшла прэзентацыя беларускай версіі гімна на Сусветны дзень моладзі ў Кракаве-2016.



Прыемным сюрпрызам для моладзі стала падчас аплатковай сустрэчы і сустрэча з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, які завяршае служэнне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі.



У 50-ю гадавіну Другога Ватыканскага Сабору ў Каталіцкім Касцёле пачаўся Год Міласэрнасці

8 снежня 2015 года ў Паўсюдным Каталіцкім Касцёле пачаўся Святы Год Міласэрнасці. Гэтая дата стала сімвалічнай: 50 гадоў таму якраз 8 снежня скончыў сваю працу Другі Ватыканскі Сабор, падчас якога ў Каталіцкім Касцёле былі ўнесены фундаментальныя рэформы.

Як адзначыў Папа Францішак, падчас Другога Ватыканскага Сабору «былі зламаны сцены, якія занадта доўга трымалі Касцёл у прывілеяванай крэпасці».

 

Арцыбіскуп Гуджэроцці на развітальнай Імшы ў Мінску падзякаваў беларускім вернікам і святарам за прыклад веры

«У гэты момант я дзякую Богу за дар блізкасці кожнага з вас», — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас развітальнай святой Імшы ў мінскай архікатэдры.

Арцыпастыр падзякаваў усім каталіцкім біскупам, назваўшы іх носьбітамі беларускай культуры, якім увесь час трэба ісці наперад, каб не губляць духоўнай дынамікі.

Звяртаючыся да свецкіх людзей, якія служаць Касцёлу, арцыбіскуп пажадаў, каб іх было яшчэ больш: «Бо Касцёл — гэта не ўласнасць ксяндзоў і манахаў, гэта ваш Касцёл. Гэта ваш Касцёл, калі вы моліцеся разам са святарамі. Гэта ваш Касцёл, калі вы пакліканыя служыць яму».

Таксама іерарх падзяліўся, што на заканчэнне сваёй місіі плануе наведаць Будслаўскі санктуарый, каб памаліцца у цішыні, як зрабіў гэта на самым пачатку свайго служэння ў Беларусі.

 

У катэдрах і санктуарыях Беларусі адчынілі Брамы Міласэрнасці

13 снежня 2015 года ва ўсіх катэдральных каталіцкіх касцёлах, мінскай архікатэдры і санктуарыях Беларусі адбылося адкрыццё Святых Дзвярэй — сімвалічных Брамаў Міласэрнасці, якія з’яўляюцца знакам Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці.

Брамы Міласэрнасці — гэта таксама знак адпусту, які можна атрымаць на працягу ўсяго года да 20 лістапада 2016 года.

Юбілей Міласэрнасці засноўваецца на прабачэнні, адпушчэнні грахоў, адкрытым для ўсіх, на магчымасці аднаўлення адносін з Богам і бліжнім. Такім чынам Святы Год становіцца магчымасцю паглыблення веры і новага ўключэння ў жыццё праз асабістае хрысціянскае сведчанне.

Каб атрымаць поўны адпуст, неабходна быць у стане ласкі пасля сакрамэнту пакаяння, прыступіць да святой Камуніі, памаліцца ў інтэнцыях Папы Францішка, зрабіць учынак дабрачыннасці і пасля кароткай пілігрымкі да Святых Дзвярэй Міласэрнасці прайсці праз іх Брамы.

Да сённяшняга дня ў Касцёле было абвешчана 26 Юбілейных Гадоў. Апошнім быў Юбілей 2000 года. Апошнімі ж Надзвычайнымі Святымі Гадамі сталі 1933 год (абвешчаны Піем XI з нагоды 1900-годдзя Адкуплення) і 1983 год (абвешчаны св. Янам Паўлам ІІ у 1950-ю гадавіну Адкуплення). У нашы часы менавіта Юбілей Міласэрнасці стаў Надзвычайным Святым Годам, які быў прапанаваны Папам Францішкам. 13 снежня ў Касцёле Беларусі Брамы Міласэрнасці былі адчынены ў цэлым у 17 святынях і санктуарыях.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.