10 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле прайшла чарговая сустрэча законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэча пачалася спевам Акафісту ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.
У межах сустрэчы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прамовіў канферэнцыю на тэму словаў Хрыста «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29). Іерарх звярнуў увагу сабраных на тое, што неразуменне паклікання да манаскага жыцця з боку свецкіх людзей вельмі часта здараецца з прычыны таго, што самі кансэкраваныя асобы гавораць пра тое, чым займаюцца, і ані слова аб тым, кім з’яўляюцца.
Біскуп адзначыў, што сутнасць прысвечанага Богу жыцця заключаецца не ў актыўнасці, але ва ўнутраным самавызначэнні, што гэта пакліканне да асаблівых адносін з Хрыстом. Задача кансэкраваных асобаў, па словах іерарха, – не толькі сузіраць Хрыста і служыць на Яго ніве, але і пакахаць Хрыста, даверыцца Яму, звязацца з Ім адзінай і непадзельнай любоўю.
Біскуп падкрэсліў, што фундаментальнай цнотай прысвечанай Богу асобы павінна быць пакора; без яе немагчыма быць сапраўдным сведкам евангельскага радыкалізму і Божай Міласэрнасці. Пакора – гэта пастава таго, хто не зводзіць вачэй з Хрыста і спрабуе наследаваць Яго прыніжэнне; гэта перадусім праўда і гатоўнасць заняць апошняе месца, дадаў біскуп.
Пасля канферэнцыі сёстры мелі магчымасць і радасць у цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам яшчэ раз паглядзець на сваю цноту пакоры сапраўднымі і шчырымі вачыма, павучыцца ў Хрыста, лагоднага і пакорнага сэрцам.
Святую Імшу ў гонар Маці Божай Ларэтанскай узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх адзначыў у гаміліі, што гэтая сустрэча адбываецца ў Юбілейны Год Міласэрнасці, які толькі што пачаўся і «які павінен наблізіць да нас асобу міласэрнага Айца і наш давер да Яго», «схіліць нас да больш актыўнага ўдзелу ў справах міласэрнасці адносна душы і цела». Кажучы пра евангельскія парады, якім захоўваюць вернасць кансэкраваныя асобы, Мітрапаліт заўважыў, што такім чынам яны «адчуваюць радасць спадарожнічаць Хрысту, жыць Яго словам і прысутнасцю, а таксама прымаць удзел у Яго місіі». «Сучасны свет нярэдка ўспрымае евангельскія парады як глупства (пар. 1 Кар 1, 18). Мы ж павінны слова “глупства” перамяніць у радаснае шаленства любові. Не можа быць аўтэнтычнага аднаўлення кансэкраванага жыцця без вернасці евангельскім парадам», – падкрэсліў арцыбіскуп. Поўны тэкст гаміліі>>> Мітрапаліт звярнуў увагу, што ад вернасці манахінь евангельскім парадам будзе залежаць рэалізацыя іх паклікання і місіі ў Касцёле.
«Кансэкраванае жыццё з’яўляецца неад’емнай часткай Касцёла і таму, само спазнаючы бязмежную Божую міласэрнасць, павінна быць яе прыладай для іншых», – сказаў арцыпастыр. Іерарх заахвоціў усе манаскія супольнасці будаваць агульны вобраз Касцёла, несучы багацце ўласных харызмаў.
На
завяршэнне, пасля абеду ў сямейным духу і сустрэчы з пастырамі
архідыяцэзіі, абмеркаваўшы хвалюючыя пытанні, сёстры разам з біскупамі
даверылі сябе Бясконцай Любові праз малітву Вяночка да Божай
Міласэрнасці. 

С. Вераніка Огар FMA, (AG)
|