Сімвалы Вялікага посту: певень |
Беларусь |
18.03.2016 08:00 |
Герард Сегерс «Адрачэнне апостала Пятра» Тры разы паспеў адрачыся Пётр, перш чым праспяваў певень. Адракацца азначае адмаўляцца ад кагосьці ці чагосьці вельмі блізкага, таго ці чаго, з кім ці з чым вельмі блізка звязаны. У Бібліі вельмі часта прыгадваецца пра адрачэнне, якое робіць чалавек. Найбольш яскравы прыклад — адрачэнне Пятра, які пасля таго, як схапілі Хрыста і павялі ў дом першасвятара, пайшоў за Хрыстом «здалёк». «Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль» (Лк 22, 54). Не мог пакінуць Яго зусім, але і не мог абараніць і заступіцца, і вырашыў трымацца здалёк. Пазіцыя «трымацца здалёк» — гэта любімая пазіцыя многіх людзей, якія хочуць ведаць, што адбываецца вакол, але стараюцца ніякім чынам не набліжацца і не ўмешвацца ў тое, што адбываецца: у свеце ў цэлым, у пэўным народзе ці ў сям'і, часамі нават у саміх сабе. «Трымацца здалёк» — гэта значыць не быць салідарным, не быць дзейсным, не быць галосным, не быць ні гарачым, ні халодным, а пры першай небяспецы збягаць ці рабіць выгляд "выпадковага мінака", які вяртаецца з працы і якога нічога не хвалюе, апрача аўтобуса, што на пяць хвілін спазніўся, ці імглістага надвор'я. Адрачыся — гэта адмовіцца ад адказнасці за справу, за чалавека, за свой народ. «Але Пётр адказаў: "Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!" І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень"» (Лк 23, 60).
Рэмбрант «Адрачэнне апостала Пятра» А колькі разоў адракаўся я, перш чым певень пачне абвяшчаць аб пачатку новага дня? І адыду, як Пётр, плачучы, прыгадваючы тое ці Таго, ад Каго адрокся. Чаму адракаемся? Бо баімся? Бо не хочам браць адказнасці? Бо не хочам раздзяліць лёсу Таго, ад Каго адракаемся? Бо не гатовыя цярпець і змагацца? А колькі было тых, хто не адрокся. Тых, хто паміраў у Калізеі, чыя кроў змешвалася з зямлёю, на вякі сцвярджаючы іх вернасць таму, што з'яўлялася сэнсам жыцця... А колькі было тых, хто падчас ганенняў і пераследу паміралі з іменем Хрыста на вуснах... А колькі было тых, хто не адкрокся ў самых складаных выпрабаваннях? Не адракацца — гэта быць гатовым пайсці да канца за тое і за таго, каго любіш. Нягледзячы на пагрозы, зняволенне, ілжывыя абвінавачванні, катаванні і пагарду, непавагу і абразы, а нават смерць. Адракаюцца ад бацькоў, ад хворых, ад свайго паклікання, ад сваёй краіны, з-за нязручнасці-невыгоды, з-за працы і вымаганняў, з-за небяспекі і пагроз. Але, адрокшыся, ці не адыходзяць, плачучы, бо ў глыбіні сэрца разумеюць, што адракліся ад самага дарагога, якое ані выгоды, ані зручнасць ніколі не здолеюць замяніць... Любоў не адракаецца, любоў ідзе да канца, кожны раз, слухаючы голас пеўня, яна адчувае, што заставацца вернай для яе — найбольшае шчасце, найбольшая цяжкасць, але адзіны сэнс да існавання. Любоў не адракаецца, не баіцца, але ідзе да канца... І няхай ізноў спявае певень, але яго голас няхай не нагадвае нам пра адрачэнне, але стане сцверджаннем вернасці. Матэрыялы з гэтай серыі:
Аксана Ючкавіч |