У свае 95 сястра Цэцылія Абухоўская захоўвае жыццёвы аптымізм і
па-ранейшаму шмат моліцца. Яна рада любым гасцям, стараецца папрасіць
прабачэння за неідэальныя слых і памяць. Апошнія дзесяцігоддзі манахіня жыве ў Каменцы ў Доме міласэрнасці, што належыць сёстрам з супольнасці Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), настаяцельніцай якой доўгі час і з’яўлялася с. Цэцылія.
Пакой манахіні выглядае простым і сціплым. На століку побач з акуратна засцеленым ложкам — разгорнуты малітоўнік і ружанец. На сцяне насупраць вісіць абраз Езуса Міласэрнага, з якім законніцу звязвае свая адметная гісторыя.
З першых вуснаў
«Пра гэты абраз я чула яшчэ ў маладосці, — прыгадвае с. Цэцылія. — Ужо тады ў нас шмат гаварылі пра Божую Міласэрнасць. Добра памятаю маленькія, абшытыя нітачкай, абразкі Езуса Міласэрнага, з малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці».
Засяродзіўшыся, манахіня працягвае:
«У нашай супольнасці шмат тады гаварылі пра Дзённік святой Фаўстыны, чытала яго і я. Тады, праўда, гэта былі проста перапісныя сшыткі».
У 1986 годзе, калі было вырашана вярнуць абраз Езуса Міласэрнага ў Вільнюс, манахіні было ўжо 66 гадоў. Гэта, аднак, не перашкодзіла ёй праявіць мужнасць і смеласць у справе з падменай абраза.
Арыгінал, які з лістапада 1956 года знаходзіўся ў касцёле ў Новай Рудзе, быў заменены на копію ноччу:
«Уначы мы замянілі абраз у Новай Рудзе на копію, якую папярэдне напісала для нас мастачка Марыя Шоцік з Гродна. Арыгінал абраза мы закруцілі ў рулон... і паехалі», — згадвае тыя падзеі манахіня.
«Дзякуй Богу, міліцыянт не звярнуў на нас увагу»
«З Новай Руды на машыне мяне і яшчэ адну сястру Тэрэзу з маёй супольнасці вёз Вацлаў Барсукеіч. Ён быў вельмі пабожным, рэлігійным. Ён пра ўсё ведаў. Мы заначавалі ў яго ў Гродне, а пасля селі ў цягнік на Вільню».
Як прыгадвае с. Цэцылія, рулон з абразом быў доўгі, таму яна вельмі перажывала, што гэта будзе прыцягваць увагу мінакоў. Так і адбывалася.
«Калі б нас затрымаў паліцыянт ці проста папрасіў бы раскруціць рулон, усё раскрылася б, — працягвае манахіня. — Мы маліліся, каб усё прайшло добра. І, дзякуй Богу, міліцыянт нас хоць і бачыў, але не звярнуў асаблівай увагі».
У Вільнюс манахіні ехалі, зразумела, без габітаў, якія тады былі забаронены. Але і ў свецкім адзенні, па прызнанні с. Цэцыліі, яна вельмі баялася прыцягнуць лішнюю ўвагу доўгім рулонам.
У Вільнюсе манахіні павінны былі знайсці касцёл Святога Духа і перадаць абраз Езуса Міласэрнага яго пробашчу кс. Аляксандру Кашкевічу.
Як і было дамоўлена, сястра Цэцылія разам са скручаным у рулом абразом падышла да канфесіянала, у якім спавядаў кс. Кашкевіч, укленчыла і паведаміла, што прывезла абраз...
Пра ўспаміны тых падзей біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам можна прачытаць тут ››
Незаконная законніца
У савецкі час ніхто, акрамя роднай сястры і маці, не ведаў пра тое, што с. Цэцылія з’яўляецца манахіняй. Яна не магла насіць габіт, не магла адкрыта выконваць манаскую паслугу, а пасля арышту ў 1950 годзе кс. Юзафа Грасевіча разам з іншымі манахінямі вымушана была пакінуць плябанію, дзе працавала, і з’ехаць.
У беларускім Парэччы яна апекавалася пажылым чалавекам як медсястра, у Друскеніках працавала кухаркай у санаторыі. І толькі пасля вызвалення з вязніцы ксяндза Грасевіча яна змагла вярнуцца да сваёй паслугі ў касцёле.
У 1959 годзе яна была арганісткай у сённяшняй парафіі Божага Цела ў Крамяніцы. Пасля дзесяці гадоў паслугі ў гэтай парафіі разам з кс. Юзафам Грасевічам яна прыехала ў Каменку, дзе працягвала працаваць арганісткай, а таксама катэхеткай, дапамагаючы святару ў душпастырстве. З глыбокай пашанай і піетэтам прыгадвае с. Цэцылія свайго пробашча.
«Ён быў асаблівым святаром з моцным духоўным стрыжнем. Ён сябраваў з кс. Міхалам Сапоцькам, таму шмат расказваў пра яго і святую Фаўстыну Кавальскую», — распавядае с. Цэцылія.
Паказваючы капліцу ў Доме міласэрнасці ў Каменцы, сястра звяртае ўвагу на адзін з кленчнікаў, якім паводле яе слоў карыстаўся святар.
«Сёння гэты кленчнік выкарыстоўваю я ў знак памяці аб ім. А вунь той абраз Езуса Міласэрнага злева ў алтары — першая копія арыгінала...»
Калі сястра Цэцылія пачынае гаварыць пра абраз, яе вочы становяцца вільготнымі:
«Калі я гляджу на гэты абраз, то адчуваю Божую апеку і прысутнасць Божай Міласэрнасці ў нашай супольнасці. Не трэба шмат казаць, калі бачыш абраз, трэба проста даверыць сябе Яго ласцы. Словы пад абразом кажуць самі за сябе: Езу, давяраю Табе».
Мы развітваемся. Сястра выходзіць на ганак Дома міласэрнасці, махае рукой і пасля яшчэ доўга ўглядаецца ўслед нашай машыне, праводзячы позіркам яе абрысы. Нягледзячы на яе ўзрост, у позірку манахіні адчуваецца тая ж моц, духоўная сіла і моцная вера. Ілья Лапато Гродна-Каменка-Мінск
фота Віталія Палінеўскага
|