Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дом міласэрнасці ў Каменцы: калі паняцце міласэрнасці тлумачаць не словамі, а ўчынкамі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.04.2016 14:48

З нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці, абвешчанага ў Паўсюдным Касцёле, рэдакцыя catholic.by вырашыла зазірнуць у тыя месцы нашай краіны, дзе на справах міласэрнасці акцэнтуецца ўвага не толькі ў гэты адмысловы год, але і штодзённа, дзе міласэрнасць — лейтматыў жыцця і паклікання.

Вострая Брама ў Вільнюсе, а ў нас — Каменкаўская

Вёска Каменка. Справа цягнецца ў неба касцёл, які ўвабраў у сябе вытанчанасць готыкі, а крыху правей — сустракаешся з позіркам Маці Божай, з якой сустракаўся кожны, хто быў у Вільнюсе ў Вострай Браме. Толькі ў Каменцы не свая мясцовая Вострая Брама, а Дом міласэрнасці…


А, можа, таксама брама, праз якую праходзяць тыя, каб годна і прыгожа сустрэць сваю старасць і падрыхтавацца да брамаў нябесных?..

Маці Божая Міласэрнасці глядзіць з абраза на кожнага жыхара Каменкі і падарожнага, якому трапляецца завітаць у гэту вёску, што знаходзіцца за 45 кіламетраў ад заходняй сталіцы Беларусі — Гродна, у Шчучынскім раёне.

Абраз Маці Божай упрыгожвае не плябанію святара і не дом самага пабожнага верніка ў парафіі Св. Антонія і Аб’яўлення Пана, хоць пра пабожнасць у гэтым доме сапраўды складана засумнявацца, бо гаспадынямі гэтага вялікага дома з’яўляюцца сёстры законныя з супольнасці  Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

На парозе дома сустракае с. Фаўстына Цыдзік, настаяцельніца, а яшчэ і дырэктар Дома міласэрнасці — прытулку для састарэлых і хворых у Каменцы.


56 мужчын і жанчын жывуць у гэтым доме, які ўяўляе сабой хутчэй не прытулак, а гуртажытак людзей, якім у іх узросце, разам з чым прыходзяць і хваробы, і часамі адзінота, супольна можна перажыць гэтыя «асаблівасці ўзросту» ў добрай атмасферы, цеплыні, чысціні і з малітваю.

«Ну чым не ў Бога за пазухай?» — думаецца тады, калі паволі заходзіш у пакойчыкі, дзе жывуць разам па некалькі асобаў, па дзве, па тры або чатыры.

У пакоях чыста, утульна і ёсць тэлевізар, дзе, апрача розных традыцыйных праграм, уключаюцца праграмы малітоўных набажэнстваў польскага канала «Trwam»: Імша, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Ружанец. Не прымусова, а па жаданні.

Ідзеш калідорамі, адчыняеш дзверы, за якімі прыгожая капліца, куды ў любую хвіліну можна прыйсці і засяродзіцца на малітве.

На вуліцы — прыемныя альтанкі, дзе можна паспяваць і рэлігійныя, і сваёй маладосці песні. Вось і жыхары гэтага дома — тры бабулі — пасля «Gwiazdy ślicznej» адразу зацягнулі «А кто-то с горачкі…».


Сястра Фаўстына кажа: «Адна альтанка — для жанчын, а другі столік і лавачкі — мужчынскія».

«У нас і месца для палення ёсць, — дадае сястра Фаўстына, а ёй дабрадушна ўсміхаюцца дзядулькі, якія калісьці, мо, яшчэ ў маладосці, скручвалі табак у газетку, а зараз пасмальваюць час ад часу звычайныя папяросы.

«Ага», — кажа Сеня, інвалід з дзяцінства, які ўсміхаецца не зусім усё разумеючымі, але такімі добрымі вачыма. Словамі шмат не скажа, а вачыма дакранецца людзей.

Сеня ў адрозненні ад бабуль і дзядуляў, якія павольна пераходзяць з пакоя ў пакой ці ў капліцу, з дома на вуліцу ці наадварот, ходзіць больш хутка, і часамі можа і дапамагчы сястры Фаўстыне.

У доме знаходзіцца шмат людзей, якія ўжо не могуць выйсці, таму тыя, хто яшчэ выходзіць на калідор ці на вуліцу альбо прынамсі можа сядзець, а не ляжаць, берагуць гэты час і за яго дзякуюць.

Лёсы і людзі

Седзячы на лавачцы, прыгадваюць сваю маладосць, свае дамы і вёскі, а хтосьці — працу, як адна жанчына, якую ўсе называюць настаўніцай.

Настаўніца сядзіць на сваім ложку са сшыткам і нешта запісвае. «Я вось вырашыла запісаць, колькі я ўжо ёсць. Вось і напісала 85 гадоў і чатыры месяцы. Столькі я ёсць… А хочаце, я Вам пачытаю, толькі вазьму другі сшытак — там у мяне прыгажэй…», «Абаждзіце. Абаждзіце…»

Бярэ сваю сумачку, у якой, напэўна, насіла вучнёўскія сшыткі, дастае сіні сшытак і чытае запіс з таго дня, калі віншавала свайго сына Ігара з днём нараджэння:

«2 сакавіка. Дарагі сын Ігар…», — а потым прыгадвае, што ў яе ёсць яшчэ нешта прыгажэйшае — паштоўка ад дзяцей.

Просіць нас, каб мы зачыталі. Чытаем, яна слухае і радуецца, а ў паштоўцы дзеці просяць прабачэння за такія жыццёвыя абставіны…

Тутэйшая настаўніца, здаецца, знайшла б для нас і зачытала яшчэ больш, як і кожны, хто ў гэтым «адмысловым гуртажытку» мае сваю гістрыю.

«Я тут, бо не хачу абцяжарваць дзяцей. А іх у мяне двое. У аднаго чацвёра дзетак, а ў другога — двое. Ім унукаў трэба падымаць, адукацыю дапамагаць атрымліваць, а тут яшчэ я… Я дзеля іх тут, сама вырашыла», — кажа яшчэ адна жанчына, якая патрапіла ў Дом міласэрнасці пасля таго, як пашкодзіла нагу і не магла хадзіць і абслугоўваць сябе дома.

Хтосьці тут з мясцовых вёсак, а кагосьці, як «настаўніцу», прывезлі і з Мінска.

Ці не легендарная сястра Цэцылія, якая мае сваю запаветную мару?

Зараз сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Каменцы толькі дзве — сястра Фаўстына Цыдзік і сястра Цэцылія Абухоўская, якая ў мінулым годзе святкавала 65-годдзе манаскага жыцця.

Сястра Цэцылія Абухоўская сама зараз у паважаным узросце і можа павольна пераходзіць з пакоя ў пакой і ў капліцу, абапіраючыся на два кійкі.

Паразмаўляўшы з ёй у яе пакоі, працягнуўшы экскурсію па доме і збіраючыся ўжо пакідаць каменскі прытулак міласэрнасці, мы развітваліся з ёй у капліцы.

У канцы гэтай капліцы, злева, у сястры ёсць свой адмысловы кленчнік.

Таксама ў сястры ёсць свая асаблівая просьба да Езуса Міласэрнага, да якога яна яшчэ з дзяцінства малілася на Вяночку, бо культ Божай Міласэрнасці пачаў пашырацца паміж вернікамі яшчэ да таго, як яго афіцыйна прызнаў Касцёл. «Хачу, каб захавалася наша супольнасць», — падзялілася яна, гледзячы на абраз Езуса Міласэрнага праз вільготныя фіранкі вачэй, якія пабачылі ўжо столькі гісторый і праўдаў.

Супольнасць, якая ўзнікла ў 1939 годзе і галоўным харызматам якой з’яўляецца служэнне ўчынкамі міласэрнасці бліжняму, чым і займаецца зараз сястра Фаўстына, чакае новых пакліканняў.

У Каменцы зараз няма маладых сясцёр, якія б працавалі з ёю разам, несучы, як кажа с. Фаўстына, міласэрнасць не толькі словам, не толькі малітвай, але і канкрэтнай працай. Працай складанай, ахвярнай, але такой, якая так патрэбная, каб праз яе ўцелаўлялася і ўваскрасала Міласэрнасць.

Аксана Ючкавіч
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.