Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Каменцы адзначылі 65-ю гадавіну манаскіх абяцанняў с. Цэцыліі Абухоўскай |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
01.09.2015 15:35 |
65-ю гадавіну манаскіх абяцанняў адзначыла сястра Цэцылія Абухоўская з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Юбілейныя ўрачыстасці адбыліся 29 жніўня ў парафіі Св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы.
Стаць дарам для бліжніх На ўрачыстасцях сабраліся шматлікія духоўныя асобы і вернікі. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў сястры Цэцыліі за прыклад сапраўднага манаскага жыцця і поўнага прысвячэння сябе Богу. «Калі чалавек цалкам ахвяруе сябе Пану Богу, ён становіцца таксама дарам для бліжніх, бо служыць ім з адданасцю, ахвярна і бескарысліва, з любоўю да Хрыста і Яго містычнага Цела, або Касцёла», — адзначыў біскуп. У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч казаў аб тым, што кожны чалавек атрымлівае ад Бога пакліканне і кожнае пакліканне прыгожае. «Ля вытокаў кожнага паклікання схавана сустрэча двух: любоў Хрыста, які выбірае чалавека і кіруе да яго сваё запрашэнне: “Ідзі за Мною”, і любові чалавека, які прымае гэта запрашэнне і адказвае Езусу сваё "fiat"», — дадаў іерарх. Біскуп Гродзенскі заахвоціў вернікаў да выражэння Богу ўдзячнасці за вялікі дар і таямніцу паклікання сястры Цэцыліі. «65 гадоў таму Хрыстус узглянуў на яе і запрасіў, каб ахвяравала Яму сваё жыццё, стаўшы Яго асаблівай уласнасцю», — зазначыў іерарх, дадаўшы, што манахіня тады з глыбокай верай і шчырай любоўю адказала Богу «так», складаючы абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасці, і той дар узбагачае як кансэкраваную асобу, так і ўвесь Касцёл. Перамагчы ўсе перашкоды Бог для кожнага чалавека падрыхтаваў адпаведную дарогу. Кожная дарога адметная, гэтаксама як і няма аднолькавых людзей. Дарога, якой Хрыстус паклікаў сястру Цэцылію, не была простай. Нарадзілася будучая манахіня ў 1920 годзе. Як яна сама часта паўтарае, той год быў асаблівы, бо якраз тады нарадзіўся і будучы Папа Ян Павел ІІ — Караль Вайтыла. Сястра Цэцылія прыгадвае, што ў часы пераследу не магла расказаць, што з’яўляецца манахіняй, і аб гэтым ведалі толькі маці і родная сястра. Яна не магла насіць хабіт, не магла адкрыта выконваць сваю манаскую паслугу, а пасля арышту ў 1950 годзе кс. Юзафа Грасевіча манахіні вымушаны былі нават пакінуць плябанію, пакінуўшы ўсё, што мелі, разам з дакументамі. Калі ў Польшчы памерла яе маці, сястры Цэцыліі не дазволілі паехаць на пахаванне. Толькі праз пяць гадоў яна змагла прыйсці на магілу маці, а таксама сустрэцца з сям’ёй і братам, які стаў святаром і быў пробашчам у Драўску Паморскім. Ксёндз Юзаф, яе брат, не адразу пазнаў яе, бо апошні раз бачыў 25 гадоў таму 16-гадовай дзяўчынай. Вымушаная хавацца, сястра Цэцылія выконвала розныя працы. У беларускім Парэччы яна апекавалася пажылым чалавекам як медсястра і была выхавацелькай двух малых дзяцей. Затым у Друскеніках працавала кухаркай у санаторыі. Толькі пасля вызвалення з вязніцы ксяндза Грасевіча яна змагла вярнуцца да сваёй паслугі ў касцёле. У 1959 годзе яна была арганісткай у сённяшняй парафіі Божага Цела ў Крамяніцы. Пасля дзесяці гадоў паслугі ў Крамяніцы яна разам з кс. Юзафам Грасевічам прыехала ў Каменку, дзе працягвала працаваць арганісткай, а таксама катэхеткай, дапамагаючы кс. Юзафу ў душпастырстве. На працягу 25 гадоў с. Цэцылія была генеральнай настаяцельніцай супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), будучы адказнай за ўсю супольнасць. На фота: касцёл у Каменцы, нашы дні Як настаяцельніца сястра клапацілася не толькі пра духоўныя справы, але і пра матэрыяльныя, звязаныя перадусім з пошукам памяшканняў і прыстасаваннем іх да патрэбаў супольнасці. Усе свае працы і абавязкі яна выконвала з вялікім стараннем і самаадданасцю, сумленнасцю, клапоцячыся пра Божую хвалу і дабрабыт бліжніх. Такім чынам законніца давала вельмі важнае і патрэбнае сведчанне: пакліканне да манаскага жыцця з’яўляецца вялікім і прыгожым дарам. Дзяліцца сваім жыццём Юбілей 65-годдзя з моманту складання манаскіх абяцанняў сястра Цэцылія Абухоўская адзначае ў незвычайны час, калі Паўсюдны Касцёл па волі Папы Францішка перажывае Год кансэкраванага жыцця. Сястра Цэцылія з’яўляецца прыкладам для маладых дзяўчат і тых, хто, магчыма, думае пра дарогу паклікання да манаства, каб раз і назаўсёды прысвяціць сваё жыццё Хрысту. Касцёл на Гродзеншчыне на чале са сваімі біскупамі Аляксандрам Кашкевічам і Юзафам Станеўскім удзячны сястры Цэцыліі за яе прыгожую службу, любоў да Хрыста і вернасць пакліканню. Варта пажадаць, каб Божы Провід і далей вёў сястру Цэцылію прыгожай дарогай рэалізацыі манаскага паклікання, а Марыя, Маці Міласэрнасці, што свеціць у Вострай Браме, якую так моцна палюбіла шаноўная юбілярка, умацоўвала сваім матчыным заступніцтвам у адважным і радасным штодзённым выкананні Божай волі. Кс. Юрый Марціновіч, (IL) фота Таццяны Сасны і з адкрытых крыніц |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.