Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча протаіерэя Фёдара Поўнага і кардынала Крыстафа Шонбарна OP прайшла ва Усіхсвяцкай царкве ў Мінску (+відэа)
Беларусь
03.07.2016 03:21

Вечарам 2 ліпеня каталіцкая дэлегацыя на чале з папскім пасланнікам на ўрачыстасці 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі кардыналам Крыстафам Шонбарнам OP, якога суправаджаў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, наведала Усіхсвяцкую царкву ў Мінску.

Гэты ўнікальны праваслаўны храм адметны тым, што ў ім захоўваюцца капсулы з парэшткамі салдат, палеглых у вайне 1812 г., Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах.

Акрамя непасрэдна саміх парэшткаў палеглых у войнах, у царкве знаходзіцца зямля з месца пахавання салдат.

Усіхсвяцкая царква з’яўляецца адным з самых высокіх храмаў ва ўсім СНД (вышэй за яе толькі маскоўскі храм Хрыста Збаўцы) і была ўзведзена як храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых.

Уражваюць яе архітэктурна-мастацкія асаблівасці: бетон, фарфор, чырвонае дрэва — гэта далёка не ўсе матэрыялы, выкарыстаныя ў аздабленні храма.

Чытайце таксама:

Пра гісторыю ўнікальнай царквы аўстрыйскаму кардыналу распавялі настаяцель Усіхсвяцкай царквы протаіерэй Фёдар Поўны і яго жонка Алена, якая выконвала таксама ролю перакладчыка.

Для кардынала і каталіцкай дэлегацыі, а таксама прысутнага пасла Аўстрыі ў Беларусі Бернда Аляксандра Баерля, протаіерэй разам з жонкай правялі адмысловую аглядную экскурсію па царкве і яе інтэр’ерах.


Адным з ключавых момантаў візіту стала наведванне кардыналам крыпты з парэшткамі ахвяр войнаў і лагера смерці Трасцянец.

«Гэта тое месца, дзе губляюцца ўсялякія міжканфесійныя адрозненні», — адзначыў у крыпце храма протаіерэй.



Протаіерэй і кардынал супольна запалілі свечкі, пасля чаго праваслаўны хор выканаў спеў малітвы «Ойча наш». Пасля яе завяршэння ўдзельнікі каталіцкай дэлегацыі прачыталі «Ойча наш» па-нямецку.


Пасля экскурсіі протаіерэй запрасіў кардынала на супольную вячэру. На заканчэнне візіту госці наведалі таксама драўляную царкву, пабудаваную без адзінага цвіка, якая знаходзіцца побач з Усіхсвяцкай царквой.


У межах яго трохдзённага візіту ў Беларусь гэта ўжо другая сустрэча кардынала з прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы. 1 ліпеня аўстрыйскі госць сустракаўся з Мітрапалітам Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Кардынал Крыстаф Шонбарн OP з’яўляецца актыўным прыхільнікам у пытанні дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

У 1980-87 гг. ён быў членам камісіі па дыялогу паміж праваслаўнымі і рыма-католікамі Швейцарыі, а з 1984 года з’яўляецца членам аўстрыйскага фонду «Pro Oriente», створанага для падтрымкі адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Цэрквамі. Іерарх з’яўляецца таксама ганаровым доктарам праваслаўнага багаслоўскага факультэта ўніверсітэта ў Бухарэсце (з 2000 г.).

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.