Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзённік удзельніка СДМ-2016: Блоні — што далоні Бога, на якіх радуюцца Яго дзеці
Беларусь
27.07.2016 00:00

26 ліпеня адбылася першая святая Імша на адкрыццё Сусветных дзён моладзі ў Кракаве. У гэты вечар разам з моладдзю быў чалавек, які вельмі доўга быў у свой час разам з Папам Янам Паўлам ІІ, — кардынал Станіслаў Дзівіш.

У гэты вечар мы слухалі прамову кардынала да нас.

«Адкуль мы?», «Хто мы на дадзеным этапе нашага жыцця?», «Куды пойдзем і што возьмем з сабою?» — тры пытанні, якія іерарх узняў у гаміліі на Імшы.

На Кракаўскіх палях сабралася моладзь з розных краін свету, у тым ліку і з тых краін, дзе не ўсюды моладзь можа споўніць свае мары і сябе рэалізаваць, бо дзесьці пануе сляпы тэрарызм, дзесьці развіццю перашкаджаюць дыктатуры.

На Блонях не проста збіраюцца самыя розныя народы; тут розныя мары, розныя памкненні, розныя інтэнцыі і маладыя людзі, якія трымаюць гэта ў сваім сэрцы і прыносяць у свой вялікі дом — Касцёл, у супольнасць, дзе пануе адзінства ў Хрысце.

З чым ты вернешся ў сваю краіну пасля сёлетніх дзён моладзі? Гэтае пытанне адрасаваў кожнаму з прысутных кардынал Станіслаў Дзівіш.

Магчыма, з новымі планамі і мэтамі? Можа, пакінуўшы ўсё, каб распачаць новы шлях, у цэнтры якога будзе служэнне Хрысту?

Малітва і разважанні, гучны спеў і радасць тых, хто разам збіраецца ў вячэрніку. Толькі як змянілася ўсё пасля той першай вячэры, дзе Езус адкрыў таямніцу Любові?

І «мы тут, бо нас яднае Езус Хрыстус». Гэта натуральная радасць, якую нічым не падменіш і не выклічаш ненатуральным чынам.

Гэта радасць, якая нараджаецца сярод тых, хто верыць, хто прагне спазнаць Бога і прагне Ім жыць, хто ў Ім будуе свае планы на будучыню для сябе і для свайго народа...

Ужо зусім хутка ўдзельнікі СДМ будуць вітаць Папу. Моладзь этаму радуецца, гэтага чакае, чакае слова Пантыфіка.

Радасць хрысціянства пануе ў горадзе, які добра ведае, што такое Міласэрнасць, у горадзе, які з такой жа Міласэрнасцю прымае шматлікіх гасцей.

 

Я проста радуюся гэтай магчымасці адчуць сябе часткай адзінай сям'і, якая жыве тым, што не мінае і застаецца адным, і ў адзінстве яна моцная.

Думала таксама, з чым хацела б вярнуцца дадому, з якімі думкамі і памкненнямі. Я вельмі б хацела перадаць прагненне адзінства, якое пануе тут, і адчуванне таго, што ў гэтым адзінстве сапраўдная Божая радасць і салідарнасць.

Хацела б прывезці адкрытасць і шчырасць, а таксама адвагу радавацца, адвагу глядзець адзін аднаму ў вочы, адвагу паціскаць адзін аднаму руку і вырашаць усе цяжкасці разам у праўдзе і шчырасці. Адвагу гаварыць і цярпенне слухаць, імкненне пачуць...

А таксама вялікую братэрскую любоў, якая бярэ свае пачаткі ў таямніцы Міласэрнасці.

Папярэднія матэрыялы:

Дзённік удзельніка СДМ-2016: ад заплечніка да першых сустрэч і ўсмешак

Дзённік удзельніка СДМ-2016: міласэрнасць чалавека да чалавека

Дзённік удзельніка СДМ-2016: да кульмінацыі ўсё бліжэй

Дзённік удзельніка СДМ-2016: цяпер я нашу пры сабе тры важныя рэчы — тры гімны

Дзённік удзельніка СДМ-2016: Кракаў жыве!

 

Дзённік вядзе Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.