Хрысціянскае сёння: чым жыве каталіцкае душпастырства ўсходнееўрапейскай моладзі ў Варшаве? |
Беларусь |
19.10.2016 11:36 |
Пераезд ў іншы горад або краіну на вучобу, працу ці пастаяннае месца жыхарства можа прывесці да таго, што ў новым асяроддзі чалавек забывае пра Бога і Касцёл. У Варшаве студэнцкай моладзі з Усходняй Еўропы не страціць сувязь з Богам дапамагае каталіцкае душпастырства «Opoka». Пра дзейнасць душпастырства і яго плён у новым выпуску «Хрысціянскага сёння» распавядае Марыя Ануфрыева з парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску.
«Opoka» як скала З польскай мовы слова «Opoka» перакладаецца як «камень», «скала». Сваю назву душпастырства атрымала ў 2007 годзе, калі польскі святар Мар'юш Ільяшэвіч вырашыў увасобіць у жыццё ідэю душпастырства для моладзі з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Казахстана i Польшчы. Сёння суполка налічвае больш за 100 чалавек. Кіруе душпастырствам кс. Лешэк Крыжа TСhr, а дапамагае яму ўраджэнка Беларусі с. Наталля Букоўская MChr. У працы душпастырства актыўны ўдзел бяруць і беларусы. На кожнай сустрэчы іх амаль палова ад агульнай колькасці ўдзельнікаў. Як адзначае Марыя Ануфрыева, сярод іх — вернікі амаль усіх дыяцэзій Беларусі, у прыватнасці маладыя католікі з Гродна, Ліды, Ваўкавыска, Мінска, Магілёва, Воўпы, Брэста і г.д.
У кожнай з сустрэч прымае ўдзел каля 20 маладых людзей, якія штотыдзень збіраюцца на супольную святую Імшу. Часта на сустрэчах можна пабачыць і гасцей, якія дзеляцца гісторыяй сваёй веры. Два разы на год, падчас Адвэнту і ў Вялікі пост, для моладзі «Opoka» арганізоўваюцца рэкалекцыі. Таксама па тэме:
«Opoka» як сям'я Як распавядае Марыя, сапраўдным благаслаўленнем душпастырства з’яўляюцца сем’і, якія ўзніклі ўнутры душпастырства за амаль дзесяць гадоў яго працы. Ёсць сярод іх і беларусы. «Адны знаходзілі тут сваіх нарачоных, іншыя прыводзілі другую палову і такім чынам умацоўвалі і паглыблялі свае стасункі, — дзеліцца Марыя. — Цікавая гісторыя і беларускіх дзяўчыны і хлопца, якія пазнаёміліся менавіта ў нас і пабраліся шлюбам. Многія з такіх сем’яў ужо маюць дзяцей».
Не забываюцца ўдзельнікі душпастырства «Opoka» і пра родныя парафіі, расказваючы пра развіццё Касцёла ў сваіх краінах падчас агульнапольскай акцыі па зборы сродкаў на патрэбы Касцёла на Усходзе. «Я падчас гэтай акцыі расказвала пра Беларусь на адным з польскіх нацыянальных тэлеканалаў», — прыгадвае Марыя Ануфрыева. Сярод дзейнасці супольнасці ў апошні час — паспяховая акцыя «Білет для брата», калі перад Сусветнымі днямі моладзі ў Кракаве польская моладзь збірала сродкі на пакеты пілігрымаў і грошы на дарогу для моладзі з Усходняй Еўропы. Марыя прызнаецца, што «Opoka» для моладзі — не проста каталіцкая суполка. І пацвярджае гэта словамі адной з удзельніц душпастырства ўкраінкі Вікторыі. «Калі я далучылася да суполкі, то яна стала для мяне своеасаблівай сям'ёй, у якой я заўсёды пачуваюся вельмі добра, — апавядае Вікторыя. — Тут я сустрэла шмат добрых і цікавых людзей з жыццёвымі каштоўнасцямі, падобнымі да маіх. Наша суполка — гэта месца, дзе можна развівацца духоўна і адначасова выдатна бавіць час!» Для тых, хто ў Варшаве Сустрэчы душпастырства «Opoka» для моладзі з Усходняй Еўропы ў Варшаве праходзяць кожны чацвер пасля святой Імшы ў 19.00 у капліцы Res Sacra Miser на Кракаўскім Прадмесці, 62.
«А яшчэ мы ладзім супольныя вечарыны, наведваем розныя цікавыя мясціны — Чанстахову, Будапешт, Парыж, ездзім у горы, сплаўляемся на байдарках. У нас весела, але галоўнае, што ўсіх нас яднае вера ў Хрыста», — заключае Марыя. Падрабязней пра душпастырства «Opoka» можна даведацца на старонцы «Opoka» у Facebook.
|