Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Іерусаліме асвячона дошка з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове (дададзены фотарэпартаж)
Беларусь
25.10.2011 16:27

25 кастрычніка 2011 г. у Іерусаліме сярод 130 дошак з малітвай «Ойча наш» на розных мовах свету была асвячона дошка з малітвай на беларускай мове. У набажэнстве, якое ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, прынялі ўдзел усе іерархі з Беларусі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч указаў на «культурнае і гістарычнае значэнне» дадзенай падзеі: «Упершыню на Святой Зямлі, дзе Езус навучыў сваіх вучняў гэтай малітве, яна з’яўляецца на нашай роднай мове». «Тысячы пілігрымаў, якія штодзённа прыбываюць на гэта святое месца, будуць бачыць гэтую табліцу, і яна ім будзе нагадваць пра нашу Бацькаўшчыну», — адзначыў ва ўступным слове да набажэнства арцыпастыр.

У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч разважаў над словамі малітвы «Ойча наш», якая з’яўляецца «сімвалічным акном, праз якое можна сузіраць Бога». Арцыпастыр нагадаў, што гэта малітва складаецца з дзвюх частак: «У першай мы ўсхваляем Бога і абвяшчаем веліч Ягонага Валадарства. У другой — нашыя просьбы датычаць зямных справаў чалавека». Указаў і на «супольны характар малітвы „Ойча наш“, бо мы не кажам „Ойча мой“, але „Ойча наш“». «Гэта азначае, што ўсе, хто моліцца гэтай малітвай, павінны адчуваць сябе братамі і сёстрамі», — дадаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі >>>

«Няхай жа табліца з гэтай малітвай дапамагае ўсім, хто будзе маліцца каля яе, ісці шляхам Евангелля, удасканальвацца ў цнотах і ўзрастаць у веры, якая патрэбна для збаўлення, а таксама няхай праслаўляе беларускую культуру і нашу Бацькаўшчыну», — адзначыў на заканчэнне Мітрапаліт Кандрусевіч.

«Важнай рэлігійнай падзеяй не толькі для католікfў, але і для ўсіх беларусаў» назваў асвячэнне ў Іерусаліме дошкі з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль Ігар Ляшчэня. (Поўны тэкст зварота >>>)


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.