Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
8 снежня ў Паўсюдным Касцёле распачынаецца Юбілейны Год Міласэрнасці
Беларусь
08.12.2015 03:34

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Святы Год Міласэрнасці. Ён будзе доўжыцца да 20 лістапада 2016 года.

Год Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі пачнецца 13 снежня з адкрыцця Святых Дзвярэй ва ўсіх катэдрах і некаторых святынях краіны.

З Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці звязаны адпусты.

«Каб атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання», — адзначыў Пантыфік.



Святы Айцец таксама дадаў:

«Акрамя таго, я распараджаюся, каб у санктуарыях, дзе былі адчынены Дзверы Міласэрнасці, і ў касцёлах, якія традыцыйна вызначаны ў якасці юбілейных, існавала магчымасць атрымання адпусту.

Важна, каб гэты момант быў звязаны, у першую чаргу, з сакрамэнтам паяднання і ўдзелам у святой Імшы, а таксама з разважаннем пра міласэрнасць. Неабходна будзе суправаджаць гэтыя цэлебрацыі вызнаннем веры і малітвай за мяне і ў маіх інтэнцыях, якія нашу ў маім сэрцы на карысць Касцёла і ўсяго свету», — напісаў Пантыфік.

Таксама па тэме:


Перадгісторыя

Гэта было 13 сакавіка 2015 года, калі Папа Францішак пасля свайго двухгадовага пантыфікату ізноў учыніў штосьці незвычайнае. Пантыфік аб’явіў Святы Год Міласэрнасці. Уласна кажучы, па плану гэты год павінен быў выпасці на 2025 год, аднак Святы Айцец не захацеў чакаць так доўга. 8 снежня Пантыфік афіцыйна распачне пазачарговы Юбілейны год трыма ўдарамі малатка аб парадныя дзверы базылікі св. Пятра ў Ватыкане.



Не было супадзеннем, што Папа агучыў свае планы не толькі ў гадавіну свайго абрання на Святы Пасад, але і ў асаблівым месцы — базыліцы святога Пятра. Менавіта там Пантыфік абвясціў асноўныя думкі адносна Святога Года Міласэрнасці, якія кажуць наступнае: пакайся!

Для таго, каб Касцёл «яшчэ больш пераканаўча мог выканаць сваю місію і стаць сведкам міласэрнасці», яму неабходна спачатку «духоўнае навяртанне», сказаў Пантыфік.

Падчас свайго звароту да біскупаў Германіі, якія наведалі Ватыкан з візітам ad limina, Святы Айцец чарговы раз нагадаў пра значнасць Года Міласэрнасці.

«Сённяшняя споведзь шматкроць губляецца, таму Юбілейны Год дае нам магчымасць нанова адкрыць для сябе сакрамэнт пакаяння і прымірэння», — сказаў Папа.

Дата 8 снежня абрана невыпадкова

Не з’яўляецца выпадковасцю і дата абвяшчэння Святога Года Міласэрнасці ў Паўсюдным Касцёле. 50 гадоў таму якраз 8 снежня скончыў сваю працу Другі Ватыканскі Сабор, падчас якога ў Каталіцкім Касцёле былі ўнесены фундаментальныя рэформы.

Як сказаў Папа Францішак, падчас Другога Ватыканскага Сабору «былі зламаны сцены, якія занадта доўга трымалі Касцёл у прывілеяванай крэпасці». Таму Святы Год стане «запрашэннем працягнуць працу, якую распачаў Сабор». Падчас сваёй пілігрымкі ў Цэнтральную Афрыку Святы Айцец ужо адкрыў дзверы катэдры ў Бангі.

Без розніцы дзе, у Рыме ці ў Бангі, але што ж азначае ўзгаданае Папам «навяртанне» ў практыцы?

Каб гэта зразумець, варта спачатку прыгадаць, што на гэтую тэму кажа вучэнне Касцёла пра грэх. Касцёл падзяляе пакаранне грэх — у залежнасці ад яго цяжару — на часовыя і вечныя. У той час, як вечная кара загладжваецца ў сакрамэнце пакаяння — праз споведзь, часовыя пакаранні прывядуць або ў чысцец, або будуць «выкуплены» чалавекам пры жыцці. Гэта дасягаецца, напрыклад, праз пэўныя пілігрымкі або малітвы, за якія Касцёл абяцае адпушчэнне грахоў.

У цэнтры Святога Года знаходзіцца так званае «юбілейнае адпушчэнне грахоў». Вернікі змогуць яго атрымаць, калі пройдуць праз Святыя Дзверы. Гэтыя адмысловыя дзверы першапачаткова былі прадугледжаны да пабудовы толькі ў чатырох рымскіх базыліках.

Аднак, як вынікае з больш чым 700-гадовай гісторыі Юбілейнага Года, адпушчэнне грахоў ад самага пачатку магчыма ва ўсіх біскупскіх касцёлах па ўсім свеце. Пантыфік пашырае сёння гэтую традыцыю і на санктуарыі. Акрамя таго, мясцовыя біскупы маюць права вызначаць у сваіх дыяцэзіях і іншыя святыні, дзе вернікі змогуць атрымаць адпушчэнне грахоў.

У сваім звароце Папа нагадвае, што для таго, каб атрымаць поўны адпуст, недастаткова будзе толькі прайсці праз расчыненыя дзверы святыні. Чалавек павінен «перадусім быць у стане ласкі пасля сакрамэнту пакаяння і прыступіць да святой Камуніі, а таксама спрычыніцца да ўчынку дабрачыннасці».

Гэта азначае, што для поўнага адпусту неабходныя Святыя Дзверы, споведзь і ўдзел у Эўхарыстыі. Пажылыя і хворыя вернікі, калі яны не ў стане прыняць удзел у пілігрымаванні, каб атрымаць адпуст, паводле слоў Пантыфіка, неабавязкова павінны праходзіць праз Дзверы. Галоўнае — быць у стане ласкі пасля прыняцця Камуніі.

Папа прызначае «місіянераў міласэрнасці»

Яшчэ адным выключэннем, якое прызначыў Святы Айцец на Святы Год Міласэрнасці, з’яўляецца адпушчэнне грахоў асобам, якія шчыра шкадуюць за здзейснены аборт. Звычайна для гэтага патрабуецца згода мясцовага біскупа. У Год Міласэрнасці адпусціць такі грэх зможа кожны святар, калі асоба, якая яго ўчыніла, шкадуе за гэты грэх і просiць аб прабачэнні.

Акрамя гэтага, вернікі могуць атрымаць дзейсны сакрамэнт пакаяння і ад святароў з так званага «братэрства святога Пія Х» (рэлігійная арганізацыя, члены якой не прынялі рашэнні Другога Ватыканскага Сабору ў рэформе набажэнстваў, пашырэнні практыкі экуменізму, неабходнасці дыялогу з іншымі веравызнаннямі і інш.).

Таксама Папа Францішак прызначыць «місіянераў міласэрнасці». Паводле слоў Пантыфіка, такімі з’яўляюцца «святары, якім я дам уладу адпускаць грахі, якія зазвычай абмежаваны Апостальскай Сталіцай».

Папа Францішак робіць усё для таго, каб, па яго словах, «данесці Евангелле Міласэрнасці да ўсіх людзей». Пры гэтым Святы Айцец выкарыстоўвае тэрмін, які сёння мае сэнс для вельмі нямногіх. «Міласэрнасць» апісваецца як безумоўная адданасць Богу ва ўсёй паўнаце любові да Яго стварэнняў. Гэта адна з асноўных характарыстык побач са святасцю і справядлівасцю.

«Навяртанне». Бог можа дараваць чалавеку ў сваёй Міласэрнасці любы грэх. Тым не менш, вернік павінен вызнаць свае грахі і пакаяцца. Падчас Святога Года гэта будзе магчыма паўсюль ва ўсім свеце. Паводле ацэнак Ватыкана, у Год Міласэрнасці ў Рым прыбудзе не менш за 33 мільёны пілігрымаў.

Таксама па тэме:

Паколькі ў цэнтры ўсяго знаходзіцца паняцце міласэрнасці, Папа Францішак называе Святы Год таксама «Юбілеем Міласэрнасці». Паводле слоў Святога Айца, заклік да міласэрнасці не з’яўляецца «стратэгіяй» яго Пантыфікату. Нашмат больш свет патрабуе сёння шкадавання і спачування. «Мы прывыклі, на жаль, да дрэнных і жахлівых навін і да зверстваў, якія зневажаюць імя і жыццё Бога», — дадае Папа.

І менавіта гэтаму з 8 снежня хоча супрацьстаяць Пантыфік.

Чым будзе адметная цырымонія ў Ватыкане?

8 снежня падчас адкрыцця Юбілейнага Года Міласэрнасці ўпершыню ў гісторыі папскіх урачыстасцяў тэлетрансляцыя будзе ажыццяўляцца ў рэжыме рэальнага часу ў HD і SD.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, увядзенне новых тэлетэхналогій у Ватыкане заўсёды супадала з важнымі гістарычнымі падзеямі, такімі, як кананізацыя Яна XXIII і Яна Паўла II, беатыфікацыя Паўла VI і цяпер адкрыццё Юбілею Міласэрнасці.

Паводле матэрыялаў katholisch.de
Апрацаваў з нямецкай мовы Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.