Сімвалы Вялікага посту: крыж |
Рознае |
19.02.2016 07:00 |
Крыж Твой ідзе разам з Табою Паўтараю за кс. Янам Твардоўскім словы яго верша «Разам з Табою» ў перакладзе Крыстыны Лялько з польскай на беларускую мову, і гляджу, а дзе ж гэта і мой крыж, які без Хрыста, напэўна, не тое што не данясу, але і не зразумею, што гэта менавіта ён і трымае мяне на гэтым свеце, напаўняючы жыццё і сэнсам, і радасцю, і перамогамі, і змаганнямі… Два адрэзкі, две бэлькі, дзве дарогі, якія калі былі б паралельнымі, то ніколі б не сутыкнуліся і не спазналі, што значыць быць перакрыжаваннем, што значыць быць аб’яднанымі і праходзіць у пэўны час, у пэўных абставінах праз адну кропку, праз адзін і той жа момант гісторыі — адзіны і непаўторны ў вечнасці.
Людскія лёсы, як бэлькі крыжа, таксама перакрыжоўваюцца і застаюцца назаўсёды ў памяці вечнасці. Без гэтых перакрыжаванняў не існаваў бы сусвет, a былі б суцэльныя абмінанні, абыходы, збочванні, абы толькі не перакрыжаванні, падчас якіх адбываецца сустрэча. Сустрэча з праўдай, з надзеяй, з любоўю, з нянавісцю, з неразуменнем, але і з прабачэннем. Яшчэ раз пытаюся сябе: а што ёсць крыж, які шукаю? Бо цяжка шукаць, калі дакладна не ведаеш прадмету свайго пошуку. Бо, прынамсі, так жа можна ніколі і не знайсці, альбо знайсці, ды так і не зразумець, што гэта якраз тое, што шукаў. Дык жа, адказваючы на гэта пытанне для сябе: “Што ёсць крыж?”, скажу — сустрэча, перакрыжаванне з праўдай. Перакрыжаванне… Можа, з радасцю, а, можа, з самотай, Крыж… Гэта проста сустрэча з жыццём, Хто ідзе — напаткае таго скрыжаванне, Час сысці і сустрэцца з праўдзівым крыжом, Матэрыялы з гэтай серыі:
Аксана Ючкавіч |