23 мая — урачыстасць Спаслання Духа Святога |
Каляндар |
23.05.2010 04:00 |
Сёлета ўрачыстасць Спаслання Духа Святога хрысціяне адзначаюць разам. У пяцідзесяты дзень пасля свайго ўваскрасення Езус спаслаў Духа Святога на Марыю і Апосталаў, якія сабраліся ў Вячэрніку, і такім чынам споўніў сваё абяцанне: «Калі прыйдзе Суцяшальнік, якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, які ад Айца паходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне» (пар. Ян 15, 26). У дзень Пяцідзесятніцы Касцёл, ажыўлены Духам Святым, распачынае абвяшчаць усім народам радасную навіну аб збаўленні. Зялёныя святкі, як яшчэ называюць сённяшнюю ўрачыстасць, — гэта адно з найстарэйшых касцёльных святаў, якое адзначалася ўжо ў апостальскія часы. Тады гэты дзень меў такое ж вялікае значэнне, як і велікодная ўрачыстасць. У першыя стагоддзі ў вігілію гэтага свята ўдзяляўся сакрамэнт хросту катэхуменам. Пяцідзесятніца з’яўляецца спаўненнем і завяршэннем велікоднага святкавання. Дух Святы — Новае Жыццё ў Хрысце — быў мэтаю ўсёй дзейнасці Езуса. Паводле абяцання, пасля крыжовай смерці Хрыста, калі доступ да Айца стаў адкрытым, а Божая спадчына стала рэчаіснасцю, быў пасланы Дух Айца і Сына, каб далей працягваў справу Хрыста. Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога пры ўмове споведзі, Камуніі, спяванні гімна да Духа Святога і малітвы ў інтэнцыях Святога Айца можна атрымаць поўны адпуст. |