Працэсія Божага Цела ў Мінску: упусціць Духа Святога ў сваё сэрца і жыць Эўхарыстыяй (дададзены фотарэпартаж) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
27.05.2012 21:26 |
27 мая 2012 г. у Мінску адбылася працэсія Божага Цела. Працэсія традыцыйна распачалася на Залатой Горцы ранішняй святой Імшой, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з арцыпастырам літургію канцэлебравалі біскуп Антоні Дзям’янка і святары. Напачатку Мітрапаліт Кандрусевіч шчыра прывітаў удзельнікаў свята і заклікаў іх у чарговы раз прайсці вуліцамі сталіцы, «каб Езус зазірнуў у нашы дамы і сэрцы», каб мы «маглі адказваць сваім жыццём, паводзінамі, сведчаннем на выклікі часу і сцерагчы годнасць хрысціяніна». Таксама іерарх заахвоціў прысутных маліцца за Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які паслязаўтра будзе адзначаць 30-годдзе святарскага пасвячэння, і за біскупа Антонія Дзям’янку, які нядаўна быў прызначаны ардынарыем Пінскай дыяцэзіі. У гаміліі Мітрапаліт заклікаў адкрыцца на дзеянне Духа, бо сёлета працэсія Божага Цела была спалучана з урачыстасцю Спаслання Духа Святога. «На пяцідзясяты дзень пасля свайго Уваскрасення Святы Дух у вобразе вогненных языкоў сыходзіць на апосталаў. Апосталы не перапужаліся, але адкрылі свае сэрцы на Яго дзеянне, каб смела несці Евангелле Хрыста ў свет і гэтым самым весці людзей шляхам збаўлення», — адзначыў арцыпастыр. Па словах іерарха, калі б Спасланне Святога Духа «адбылося ў нашы часы, то вельмі хутка прыехалі б пажарнікі і пачалі б гасіць вогненныя языкі». Гэта жарт, аднак «праўдай з’яўляецца тое, што сучасны чалавек больш давярае сабе, чым Богу», адракаецца ад маральных каштоўнасцяў, «хоча мець такога Бога, які яму адпавядае і выконвае кожнае яго пажаданне». На самой жа справе, як падкрэсліў Мітрапаліт, неабходна захоўваць Божы закон, «дадзены нам, каб мы маглі жыць шчасліва». «Штодзённы вопыт паказвае, што гэта зусім не лёгка. Неабходна мець дастаткова духоўных сіл. Аднак мы добра ведаем, што мы не адны і з намі Бог. А калі Бог з намі, то хто супраць нас! Бог прыходзіць да нас з дапамогаю праз дзеянне Святога Духа, які адорвае нас сваімі дарамі і дапамагае ў жыцці», — дадаў іерарх. Мітрапаліт нагадаў таксама пра важнасць Эўхарыстыі ў жыцці хрысціяніна. «Паміж пасхальнай ахвярай Хрыста і Спасланнем Святога Духа існуе глыбокая сувязь. Фарміруючы Касцёл у дзень Пяцідзясятніцы, Святы Дух далей будуе яго праз Эўхарыстыю, у якой аднаўляецца ахвяра Цела і Крыві Хрыста», — адзначыў арцыпастыр. Працэсія Божага Цела, па словах Мітрапаліта Кандрусевіча, — гэта «публічнае вызнанне нашай веры ў Эўхарыстыю і далейшае будаванне Касцёла праз дзеянне прысутнага ў Эўхарыстыі Святога Духа», «выказванне надзеі, што ў Езусе мы зможам будаваць новае жыццё і шукаць шчасця». «Гісторыя захавала ўспамін з часоў адкрыцця Амерыкі Хрыстафорам Калумбам. Тады распаўсюджвалася вестка аб тым, што ў новаадкрытай зямлі існуе крыніца маладосці. Каб амаладзіцца, неабходна толькі выкупацца ў яе водах. На караблях у Амерыку паплылі людзі. Адны шукалі прыгодаў, іншыя скарбаў, яшчэ іншыя маладосці. Хутка, аднак, тых, хто шукаў маладосці, спаткала расчараванне, бо крыніцы маладосці там не было. Сапраўдная крыніца шчасця і маладосці — гэта Святы Дух, які сваёю моцаю амаложвае чалавека, асабліва ў сакрамэнце Эўхарыстыі, як хлебе жыцця вечнага», — падкрэсліў іерарх. Поўны тэкст гаміліі тут>>> Мітрапаліт заахвоціў вернікаў упусціць Духа Святога ў сваё сэрца і жыць Эўхарыстыяй, якая перамяняе нас, каб мы, у сваю чаргу, маглі змяняць свет на лепшае. Пасля святой Імшы настаў час адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і распачалася працэсія. Першая стацыя адбылася на плошчы Перамогі, другая — ля Палаца Рэспублікі, трэцяя — перад Чырвоным касцёлам. У час працэсіі гучалі малітвы і спевы, на кожнай стацыі адбывалася чытанне ўрыўку з Евангелля. Апошнім прыпынкам працэсіі стаў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем…». Затым да ўдзельнікаў свята звярнуўся Мітрапаліт Кандрусевіч. Іерарх падзякаваў Богу за магчымасць цэлебраваць урачыстасць Божага Цела, якая ў гэтым годзе спалучалася з урачыстасцю Спаслання Духа Святога. «Моцай свайго Духа Бог можа прысутнічаць у кожным месцы нашай зямлі», — дадаў арцыпастыр. Мітрапаліт падкрэсліў, наколькі важна сённяшняму свету бачыць людзей, якія вераць і сведчаць сваю веру. Іерарх падзякаваў удзельнікам працэсіі, асабліва дзецям, моладзі, хору, які ўпрыгожваў свята спевам, службе аховы парадку і ўсім, хто здолеў прайсці на хвалу Пану гэтыя 4 з паловай кіламетры вуліцамі Мінска. Іх учынак, па словах Мітрапаліта, будзе адзначаны Богам, які напрыканцы чалавечага жыцця скажа: «Слуга верны, увайдзі ў Маё Валадарства!» Таксама Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што Пінская дыяцэзія атрымала новага ардынарыя — біскупа Антонія Дзям’янку. Мітрапаліт звярнуўся да біскупа са словамі падзякі за сумесную працу. У сваю чаргу, біскуп Дзям’янка запрасіў прысутных у катэдру Пінска на ўрачыстую літургію, якая стане пачаткам служэння іерарха ў Пінскай дыяцэзіі. Біскуп падзякаваў Мітрапаліту Кандрусевічу за магчымасць працаваць разам, выказаў падзяку святарам, кансэкраваным асобам, малітоўным групам, дзяржаўным уладам і ўсім вернікам. Урачысты і радасны спеў завяршыў працэсію Божага Цела па мінскіх вуліцах, што праходзіла ў цёплы майскі дзень, пры добрым надвор’і і ў чарговы раз стала сведчаннем веры католікаў нашай сталіцы. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |