З Езусам па вуліцах Віцебска |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
11.06.2012 13:45 |
«У Гостыі ўкрыты Богачалавек», — далёка разносіўся спеў па вуліцах Віцебска 9 чэрвеня. У гэты дзень, адсвяткаваўшы 7 чэрвеня ўрачыстасць Божага Цела ў сваіх парафіях, католікі з усёй дыяцэзіі, не пабаяўшыся дажджу і пакінуўшы свае справы, з’ехаліся ў Віцебск, каб разам са сваім біскупам, святарамі і сёстрамі законнымі прайсці ў эўхарыстычнай працэсіі вуліцамі горада і такім чынам скласці публічна вызнанне сваёй веры і пабожнасці да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Працэсія пачалася святой Імшой у касцёле Святога Духа пад кіраўніцтвам ксяндза Эдмунда Друза SChr, дырэктара Душпастырскага цэнтра ў Мінску. На пачатку Імшы было ўрачыста абвешчана аб тым, што віцебскі ардынарый біскуп Уладзіслаў Блін менаваў канонікам Віцебскай катэдральнай капітулы ксяндза Паўла Кнурэка, пробашча парафіі Святога Апостала Андрэя ў Лынтупах. У гаміліі падчас літургіі ксёндз Юрый Марціновіч, дырэктар партала Catholic.by, казаў аб сутнасці сакрамэнту Эўхарыстыі: «Найсвяцейшае Цела і Кроў Езуса Хрыста з’яўляюцца нашымі лекамі ад грахоў. Святая Камунія, якую мы прымаем падчас Імшы, — самае каштоўнае ў нашай хрысціянскай веры». Пасля вернікі мелі магчымасць падсілкавацца ў кавярні катэдральнага касцёла, паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы са сваім біскупам, святарамі і сёстрамі, а таксама паслухаць рэлігійныя спевы ў выкананні музычнага гурта пад кіраўніцтвам ксяндза Анджэя Каліцяка SDS. Кацярына Лаўрыненка |
Фотарэпартаж |