Урачыстае распачацце Года веры ў Віцебску (дададзена фота) |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
12.10.2012 10:49 |
11 кастрычніка ў віцебскай катэдры адбылося ўрачыстае адкрыццё Года веры. Святары і вернікі з дэканатаў Віцебск-паўночны і Віцебск-паўднёвы сабраліся разам на Эўхарыстыю, якую ўзначаліў ардынарый дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. Перад літургіяй вернікі, адаруючы Найсвяцейшы Сакрамэнт, прыступілі да споведзі, каб у новы год увайсці новым чалавекам. Як адзначыў у гаміліі а. Тамаш Міка ОР, вельмі важнай з’яўляецца супольная вера. Моладзь прадставіла пантаніму на гэтую тэму на пачатку гаміліі. «Вера не з’яўляецца маёй ці тваёй. Мы вызнаем веру Касцёла і ў Касцёле», — падкрэсліў айцец дамініканін. Біскуп Уладзіслаў Блін, звяртаючыся да прысутных, засяродзіў увагу на лучнасці і еднасці Віцебскай дыяцэзіі са Святым Пасадам. Няхай жа Год веры стане для католікаў Віцебскай дыяцэзіі часам абуджэння сваёй веры і адкрыццём новага запалу для перадачы яе іншым. |
Фотарэпартаж |