Урачыстасць Божага Цела ў Гродне: засведчыць веру ў эўхарыстычную прысутнасць Езуса Хрыста сярод нас |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
08.06.2012 13:53 |
Раз у год настае дзень, калі рыма-католікі выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў, вёсак і мястэчак, каб паказаць моц і веліч Касцёла, даць сведчанне сваёй веры і прыналежнасць да Хрыста. 7 ліпеня, ва ўрачыстасць Божага Цела, вернікі Гродна сабраліся ў катэдры св. Францішка Ксаверыя, а затым рушылі ў эўхарыстычнай працэсіі, сведчачы, што Хрыстус — Правадыр, Кароль і Валадар усяго свету. У гэты дзень вернікі асабліва ўзгадваюць Апошнюю Вячэру і перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Гэтую падзею Касцёл узгадвае і ў Вялікі чацвер, але тады гэты ўспамін супадае таксама з успамінам Мукі Хрыста, — урачыстасць жа Божага Цела мае характар падзякі і радасці. Яна адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, праз 60 дзён пасля Вялікадня, і з’яўляецца рухомым святам. Галоўная мэта ўрачыстасці Божага Цела — публічнае вызнанне веры ў прысутнасць Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, адданне Яму пашаны і падзяка за ласкі, што сыходзяць з Сакрамэнту, а таксама перапрашэнне за знявагі, учыненыя праз слабасць чалавека і праз блюзнерствы няверуючых. Святую Імшу ў гродзенскай катэдры ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. «Мы публічна вызнаём і нават маніфестуем нашу веру ў эўхарыстычную прысутнасць Езуса Хрыста сярод нас. Прысутнасць сапраўдную, хоць і скрытую пад выглядам хлеба і віна», — адзначыў іерарх. Праз удзел у працэсіі, па словах біскупа, «вернікі жадаюць паказаць усім, таксама і тым, хто сумняецца або абыякавы, сказаць усім аб нашай веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў бачным знаку Хлеба, які нясуць у манстранцыі пад балдахінам, у атачэнні незлічоных чалавечых сэрцаў, якія спяваюць і моляцца». У гэты дзень на вуліцы Гродна выйшла сапраўды незлічоная колькасць католікаў, якія прагнулі ўшанаваць найвялікшую таямніцу хрысціянскай веры, якой з’яўляецца Эўхарыстыя — рэальная прысутнасць Хрыста ў хлебе і віне. Хоць Хрыста няма на зямлі ў Яго бачнай постаці, працягваў біскуп Кашкевіч, аднак Ён застаўся тут скрытым чынам, і гэтая прысутнасць праўдзівая і рэальная. Гісторыя Касцёла цесна звязана з Эўхарыстыяй. Само існаванне Касцёла з’яўляецца вялікім цудам. Да таго ж, дадаў іерарх, «адбываюцца цудоўныя здарэнні, праз якія Бог жадае ўзмацніць нашу веру». «Сёння Езус выходзіць на вуліцы, якія звычайна перапаўняе гоман і рух. Ён прагне заклікаць нас: „Затрымайся і падумай: куды ты ідзеш, якой дарогай? Ці не згубіў ты з поля бачання таго, што кажа вера? Ці не слабее яна ў табе?“», — адзначыў біскуп і заахвоціў вернікаў больш ушаноўваць Божыя таямніцы, асабліва таямніцу Эўхарыстыі. Пасля святой Імшы адбылася працэсія па вуліцах горада. Літургічнае аздабленне ўрачыстасці падрыхтаваў гродзенскі хор «Cantate Domino». Ля кожнага з чатырох алтароў чытаўся фрагмент Евангелля, у якім апавядалася пра Эўхарыстыю. Сёлета фрагменты чыталіся на розных мовах: на польскай, беларускай, рускай і літоўскай. Працэсія завяршылася спевам гімну «Цябе, Бога, праслаўляем» каля францішканскага касцёла. Вернікі атрымалі благаслаўленне, каб, падмацаваныя Божымі ласкамі, маглі вярнуцца да выканання сваіх штодзённых абавязкаў. Напрыканцы ўрачыстасці біскуп Кашкевіч падзякаваў удзельнікам за сведчанне веры ў Адзінага Бога, а таксама выказаў падзяку ўсім службам і дзяржаўным уладам за дапамогу ў правядзенні працэсіі. Кс. Юрый Марцінові |
Фотарэпартаж |