22 ліпеня — успамін святой Марыі Магдалены |
Каляндар |
21.07.2011 16:48 |
З IV ст. Марыя Магдалена атаясамліваецца з Марыяй з Бэтаніі. Святы Марк у Евангеллі гаворыць, што Марыя Магдалена паходзіла з мястэчка Магдалы, размешчанага на беразе Генісарэцкага возера. Яна была аздароўлена Езусам ад апантанасці (гл. Мк 16, 9) і стала Яго спадарожніцай. Усе чатыры евангелісты сведчаць пра тое, што яна прысутнічала пры смерці Хрыста і падчас Яго пахавання. Са словаў святога Яна евангеліста мы ведаем, што нядзельнай раніцай яна накіравалася да магілы, якую знайшла пустою, а каля яе сустрэла ўваскрослага Збаўцу, стаўшы першым сведкам змёртвыхпаўстання. Хрыстус паслаў яе да апосталаў абвясціць ім гэтую радасную навіну. Пра яе далейшае жыццё захаваліся толькі легенды. Паводле некаторых з іх, Марыя Магдалена разам са сваёй сястрою Мартай і братам Лазарам прыплыла на караблі на поўдзень Францыі, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Невядома, што меў на ўвазе св. Лука, пішучы аб Марыі Магдалене, што Езус выгнаў з яе сем злых духаў. Святы Грыгорый І Вялікі атаясамліваў Марыю Магдалену з грэшніцай, аб якой піша Евангелле ў іншым месцы (пар. Лк 7, 36–50), а таксама з Марыяй, сястрой Лазара, аб якой піша св. Ян і якая падобна грэшніцы ў Евангеллі паводле Лукі абмыла ногі Езуса духмянымі алеямі (пар. Ян 11, 2). Сучасныя біблеісты, ідучы за першапачатковай традыцыяй і за ўсходнімі Айцамі Касцёла, лічаць, што імя Марыя мелі тры розныя жанчыны. Да сённяшняга дня ў літургічных тэкстах і ў іканаграфіі Марыю Магдалену прынята прадстаўляць у ролі грэшніцы з Евангелля паводле Лукі, якая мые ногі Хрысту. Найноўшая рэформа літургічнага календара выразна адрознівае Марыю Магдалену ад Марыі, сястры Лазара, устанаўліваючы для іх ушанавання розныя дні. Марыя Магдалена часта атаясамлівалася таксама з Марыяй з Егіпта, распусніцай (V ст.), якая пасля навяртання жыла як пустэльніца над Ярданам. |