Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Узгадваем св. Дамініка, абаронцу чысціні веры
Каляндар
07.08.2011 11:28

8 жніўня Каталіцкі Касцёл узгадвае постаць св. Дамініка, святара. З яго дзейнасцю звязана заснаванне ордэна дамініканаў і дамініканак, члены якога абралі новыя метады абвяшчэння Добрай Навіны.

Дамінік (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым.

За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў — дамініканаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці ордэна сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць ордэна (дамініканкі) у Пруйлі (Францыя).

Дамінік памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны. Святы з’яўляецца апекуном краўцоў.

На сённяшні дзень у Беларусі працуе шэсць айцоў дамініканаў у Віцебску і Магілёве. Да Ордэна Братоў Прапаведнікаў належыць таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Беларускія дамінікане ўтвараюць так званы Беларускі вікарыят Польскай правінцыі.

У нашай краіне дамінікане займаюцца душпастырскай працай у парафіях, выкладчыцкай (а. Пётр Рудкоўскі ОР) і навуковай-даследчыцкай дзейнасцю. Дамінікане праводзяць сустрэчы па філасофіі, удзельнічаюць у правядзенні мастацкіх пленераў.

Працуюць у Беларусі таксама законніцы Кангрэгацыі Сясцёр св. Дамініка, а ў супольнасць свецкіх дамініканаў уваходзяць 12 чалавек з Віцебска, Мінска і Баранавічаў.


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.