Хто шукае ісціну — шукае Бога, нават калі гэтага не разумее. Успамін св. Эдыты Штайн |
Каляндар |
09.08.2011 12:44 |
«Туга па ісціне была маёй адзінай малітвай (…) Хто шукае ісціну — шукае Бога, нават калі гэтага не разумее», — пісала ў свой час св. Бэнэдыкта ад Крыжа, вядомая пад сваім свецкім імем Эдыта Штайн. 9 жніўня Касцёл узгадвае гэтую святую, аб’яўленую Янам Паўлам ІІ апякункай Еўропы. Жыццё Эдыты Штайн, выбітнай асобы еўрапейскай філасофскай і культурнай эліты, з’яўляецца незвычайным прыкладам шляху ад атэізму да святасці. Нарадзілася яна 12 кастрычніка 1891 г. у яўрэйскай сям’і ў Вроцлаве (Польшча). Дзевяцерых дзяцей маці (бо бацька рана памёр) выхоўвала ў яўрэйскай традыцыі, аднак у 15 гадоў Эдыта вырашыла лічыць сябе атэісткай і перастала маліцца. Паступіла ў Вроцлаўскі ўніверсітэт, дзе вывучала псіхалогію, гісторыю і нямецкую філасофію. Пасля пераехала ў Геттынген, каб вучыцца ў філосафа з сусветнай вядомасцю Эдмунда Гуссерля, заснавальніка школы фенаменалогіі. «Адзін за другім спадалі з мяне ланцугі нацыяналістычных забабонаў, у якіх я расла, не ведаючы пра гэта, і раптоўна перада мной узнік свет веры. Бо людзі, з якімі я штодзённа сустракалася, на якіх глядзела з захапленнем, жылі гэтай верай. Таму яна павінна быць годнай, па меншай меры, роздуму», — адзначала святая. Аднойчы Эдыта Штайн была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамагла біяграфія св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы якую, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. Аб гэтым сама Эдыта пісала: «Калі я загарнула кнігу, то сказала сабе: гэта — ісціна!» Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Падчас Другой сусветнай вайны і генацыду яўрэяў сясцёр Штайн арыштавалі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. «Я гутарыла са Збаўцам і сказала Яму, што ведаю, што Яго Крыж цяпер ускладваецца на плечы яўрэйскага народа. Большасць гэтага не разумеюць, але тых, хто разумеюць, павінны ад імя ўсіх з гатоўнасцю ўзяць яго на сябе», — пісала Эдыта Штайн. Благаслаўлёны Ян Павел ІІ у 1998 г. кананізаваў Эдыту Штайн і абвясціў яе апякункай Еўропы. Яе жыццёвы прыклад заахвочвае маліцца, паўтараючы за святой: «Пане, дай мне ўсё, што вядзе мяне да Цябе. І забяры ў мяне ўсё, Пане Божа, што можа мяне адвесці ад Цябе. Забяры мяне ад сябе самой і ўсю мяне прымі ў Тваю ўласнасць». |