16 верасня — успамін свв. мучанікаў Карнэлія і Кіпрыяна |
Каляндар |
16.09.2011 11:47 |
16 верасня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін свв. мучанікаў Карнэлія і Кіпрыяна. Карнэлій нарадзіўся ў Рыме, быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Калі цэзар Гал зноў пачаў пераслед вызнаўцаў Хрыста, у чэрвені 253 г. папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і недалёка ад Рыма. У сваім жыцці гэтаму Папу давялося перажыць шматлікія выпрабаванні і прыніжэнні. Захаваліся два лісты гэтага мучаніка, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена. Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай язычніцкай сям’і. Ва ўзросце 45-ці гадоў прыняў хрост і святарскае пасвячэнне і ў хуткім часе стаў біскупам Карфагена і кіраўніком Касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі. Святы Карнэлій з’яўляецца апекуном земляробаў. Яго заступніцтва просяць пры хваробах вушэй і пры канвульсіях. Святога Кіпрыяна просяць аб выратаванні ад чумы. Мучаніцтва мае вялікае значэнне ў Касцёле. Існаванне мучанікаў, якія аддалі сваё жыццё за Бога, пакідае для вернікаў узор мужнасці і святасці, бо ў ім наследаванне Хрыста знаходзіць сваё найвышэйшае выражэнне. Памяць пра тых, хто крывёю пацвердзіў сваю веру, захоўвалася яшчэ ў першых хрысціянскіх супольнасцях. Кожная з лакальных супольнасцяў валодала спісам сваіх мучанікаў, якія праз факт мучаніцтва станавіліся блізкімі Хрысту. З гэтай прычыны іх заступніцтва мае асаблівую моц. |