Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
26 мая — успамін св. Філіпа Нэры
Каляндар
26.05.2012 03:00

Святы Філіп Нэры нарадзіўся 21 ліпеня 1515 г. у Фларэнцыі. Паходзіў з сям’і натарыуса. Вылучаўся незвычайнай прыгажосцю і добрым пачуццём гумару. У 18-гадовым узросце адмовіўся прыняць спадчыну і накіраваўся ў Рым, дзе вывучаў тэалогію і філасофію ва ўніверсітэце «Sapientia».

Філіп шмат прапаведаваў на вуліцах горада і быў вядомы сярод жыхароў як «апостал Рыма». Сваё жыццё праводзіў у малітве і пакаянні. Сябраваў з Ігнацыем Лаёлам і Францішкам Ксаверыем. Падчас Пяцідзесятніцы 1544 г. на малітве ў катакомбах св. Себасцьяна Філіп убачыў вогненны шар, які ўвайшоў у ягоныя вусны, а яго сэрца пашырылася пад уздзеяннем нейкай невядомай велізарнай сілы. Гэтае здарэнне паўплывала на ўсё яго далейшае жыццё.

У 1548 г. Філіп Нэры заснаваў Таварыства Святой Тройцы для дапамогі хворым і пілігрымам. 23 мая 1551 г. Філіп прыняў святарскае пасвячэнне і далучыўся да супольнасці святароў, з якой праз год стварыў т. зв. «Араторый» — будучы закон аратарыянаў (філіпінаў). Мэтай дзейнасці гэтай супольнасці апостальскага жыцця стала абуджэнне ў сэрцах людзей радасці ад блізкасці да Бога праз асабістую пабожнасць і энтузіязм. У араторыі — доме малітвы — збіраліся святары і свецкія вернікі, каб вывучаць Святое Пісанне, абмяркоўваць пытанні веры, чытаць жыцці святых і разам маліцца.

У апошнія гады свайго жыцця Філіп Нэры прымаў шмат бедных і багатых людзей, якія прыходзілі да яго за духоўнымі парадамі і просьбамі аб малітве. Некалькі  разоў яму прапаноўвалі кардынальскае званне, але ён адмаўляўся. Свой зямны шлях Філіп Нэры скончыў 26 мая 1595 г. у келлі пры касцёле Санта Марыя ін Валічэла ва ўзросце 80 гадоў. 12 сакавіка 1622 г. папа Грыгорый XV далучыў Філіпа Нэры да ліку святых.

За вясёлую натуру Філіпа Нэры, які заўсёды быў гатовы да забаваў і добрых жартаў, часам называюць «святым камедыянтам», таму ён лічыцца апекуном гумарыстаў. «Святы камедыянт» і сёння вучыць нас прыкладам свайго жыцця любіць Бога, дзяліцца радасцю Яго сузірання з іншымі людзьмі. У гісторыі Касцёла святы Філіп Нэры застаецца чалавекам, у якім радасць і бесклапотнасць лучыцца з палымяным унутраным жаданнем служыць іншым людзям. Сапраўдная святасць не патрабуе перамены характару, кожны з нас, са сваімі здольнасцямі і магчымасцямі, можа быць святым.

Малітва святога Філіпа Нэры: «Божа мой, моцна трымай мяне; Ты ведаеш, які я грэшны: калі Ты адпусціш мяне хоць на імгненне, я баюся Табе здрадзіць».
 
Успамін: 26 мая.

Падрыхтавала Вікторыя Колзун

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.