28 чэрвеня — успамін св. Ірэнэя, біскупа і мучаніка |
Каляндар |
28.06.2012 03:00 |
Святы Ірэнэй, біскуп Ліёнскі і айцец Касцёла нарадзіўся ў 130 г. у горадзе Смірна ў сям’і хрысціян. У сваім родным горадзе атрымаў добрую адукацыю, вывучаў паэзію, філасофію, рыторыку і ўсе навукі, якія лічыліся неабходнымі для свецкага юнака. Праўдам хрысціянскага вучэння яго навучаў біскуп Палікарп Смірнскі — вучань апостала Яна Багаслова. Святы Палікарп ахрысціў юнака, з яго рук св. Ірэнэй атрымаў і святарскае пасвячэнне. Неўзабаве святому Ірэнэю было даручана даставіць Папу Рымскаму Елеўтэрыю (апошняя чвэрць ІІ ст.) ліст веравызнаўцаў. У 178 годзе, праз год пасля пакутніцкай смерці біскупа Пафіна, св. Ірэнэй быў абраны біскупам горада Ліён. За вельмі кароткі час дзякуючы сваім пропаведзям ён ператварыў Ліён у хрысціянскі горад. Калі суцішыліся ганенні на хрысціян, святы выклаў хрысціянскае веравучэнне ў адным са сваіх асноўных твораў «Пяць кніг супраць ерасяў». У той час паўстаў шэраг рэлігійна-філасофскіх гнастычных вучэнняў. Святы Ірэнэй напісаў сачыненні супраць гностыкаў, якія маюць вялікае значэнне і асаблівы аўтарытэт у гісторыі хрысціянскіх дагматаў па сваёй старажытнасці і асабліва з прычыны яго блізкасці да Палікарпа Смірнскага, які быў непасрэдным вучнем апосталаў. У сваіх творах Ірэнэй падкрэслівае важнасць прытрымлівання апостальскай традыцыі і кананічным новазапаветным тэкстам. Калі папа Віктар захацеў адлучыць ад Касцёла біскупаў Малай Азіі з прычыны святкавання імі Вялікадня ў адзін дзень з Пэсах, Ірэнэй выступіў у іх абарону, паказваючы, што разыходжанні па фармальных пунктах не павінны ставіць пад пагрозу адзінства Касцёла. Праўдзівасць касцёльнага вучэння св. Ірэнэй абгрунтаваў бесперарыўнай біскупскай пераемнасцю, а таксама тым, што Касцёл старажытнейшы за ўсіх ерэтыкоў: «Кожны, хто жадае ведаць праўду, павінен звярнуцца да Касцёла, таму што апосталы толькі яму аднаму паведамілі Божую праўду. Ён ёсць дзверы да жыцця». У часы валадарання імператара Луцыя Севера (193–211) св. Ірэнэй у 202 годзе быў засечаны мячом за вызнанне веры. Пахаваны ў касцёле св. Яна ў Ліёне. Яго магіла і парэшткі былі знішчаны ў 1562 годзе гугенотамі. Застаўся толькі чэрап, які і зараз захоўваюць з вялікай і глыбокай павагай у касцёле св. Яна ў Ліёне. Вікторыя Колзун |