25 ліпеня Касцёл адзначае ўспамін св. Крыштафа, які з’яўляецца апекуном вадзіцеляў. У гэты дзень у каталіцкіх святынях адбываецца благаслаўленне вадзіцеляў і асвячэнне транспартных сродкаў.
Абраз святога Крыштафа з маленькім Езусам на плячы вядомы, напэўна, кожнаму верніку. Тым не менш пра жыццё і дзейнасць гэтага амаль што самага папулярнага ў народзе святога, аднаго з чатырнаццаці заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах, адсутнічаюць якія-небудзь даставерныя звесткі. Агіёграфы тлумачаць гэта тым, што пасля нашэсця варвараў на Рым былі знішчаны ўсе дакументы з жыццяпісамі хрысціянскіх мучанікаў. Але шматлікія легенды і выключная пашана да гэтага святога ўжо ў V ст. сведчаць пра тое, што такі мучанік сапраўды быў рэальнай асобай.
Існуюць, напрыклад, пісьмовыя звесткі з V ст. пра тое, што ў 452 г. адзін з касцёлаў у Халкідоне быў асвечаны пад тытулам св. Крыштафа, а таксама, што ў 536 г. у Канстанцінопальскім саборы браў удзел а. Фотын з кляштара св. Крыштафа.
Крыштаф — з грэч. christophoros («той, які нёс Хрыста»). На падставе адной з найбольш папулярных сярэднявечных легенд узнікае вобраз гэтага святога, які паходзіў, магчыма, з мясцовасці Самот рымскай правінцыі Лікія, што ў Малой Азіі, і жыў у канцы ІІ – пачатку ІІІ стагоддзяў.
Святы Крыштаф атрымаў ад бацькоў імя Рэпробус, што азначае «агідны», бо галаву ён меў накшталт сабачай. Быў ён вельмі вялікі і дужы, таму пастанавіў служыць самаму магутнаму валадару. Спачатку ён пайшоў на службу да караля сваёй краіны. Аднойчы, калі нейкі вулічны спявак выконваў свае песні і некалькі разоў згадаў у іх сатану, Рэпробус заўважыў, што кожны раз пры гэтым кароль жагнаўся. Калі велікан запытаў у караля, чаму ён так робіць, той адказаў: «Як толькі я чую імя сатаны, то заўсёды раблю гэты знак, каб ён не мог мною авалодаць і перашкодзіць мне».
Такім чынам, Крыштаф пераканаўся, што гэты валадар некага баіцца. Таму ён пакінуў караля і пайшоў шукаць сатану. Калі ішоў праз пустыню, напаткаў вялікае войска, з якога выйшаў адзін воін, дзікі і грозны на выгляд, падышоў да Крыштафа і запытаў, куды той ідзе. «Іду шукаць сатану, каб служыць яму», — адказаў велікан. Тады воін сказаў: «Я — той, каго ты шукаеш». Аднойчы, убачыўшы пры дарозе крыж, сатана моцна спалохаўся і павёў войска вакольнымі шляхамі. Крыштаф заўважыў, што сатана спужаўся крыжа і запытаў, чаго ён баіцца? Сатана адказаў: «Езуса Хрыста, прыбітага да крыжа. Кожны раз, як я бачу гэты знак, вельмі палохаюся». Гэта зацікавіла велікана і ён вырашыў даведацца, хто такі Езус.
Зразумеўшы, што зноў служыў не таму, каму трэба, не самаму магутнаму валадару, Крыштаф пакінуў службу ў сатаны і доўга шукаў каго-небудзь, хто мог бы расказаць яму пра Езуса. Урэшце св. Крыштаф адшукаў пустэльніка, які пазнаёміў яго з хрысціянскім вучэннем і ахрысціў. У момант хросту велікан набыў нармальны выгляд. Пакутуючы за тое, што служыў сатане, св. Крыштаф пасяліўся над Ярданам, у месцы, дзе была найбольш плыткая, але вірлівая вада, каб пераносіць праз раку пілігрымаў, што ішлі ў Святую Зямлю.
Аднойчы пасля цяжкага працоўнага дня Крыштаф адпачываў. Разбудзіў яго голас дзіцяці, якое прасіла, каб яго перанеслі на другі бераг ракі. Велікан падхапіўся, узяў у рукі свой кій, які служыў яму падпораю пры пераходзе праз раку, пасадзіў на плячо прыгожае дзіцятка і весела ступіў у ваду. Але з кожным крокам ягоная ноша станавілася ўсё цяжэйшай. Нарэшце Крыштаф не стрымаўся і спытаў: «Хто ты?» У адказ пачуў: «Я — Езус, твой Збавіцель. Несучы Мяне, ты нясеш увесь свет, бо Я — той, хто яго стварыў. Я з’яўляюся тваім Валадаром, якому ты тут служыш. А каб ты пераканаўся, што ўсё сказанае Мною, — праўда, калі вернешся, убі свой посах у зямлю — ты ўбачыш, як прыгожа ён заквітнее». Менавіта гэтая легенда натхняе мастакоў, якія малююць часцей за ўсё св. Крыштафа з Дзіцяткам Езус на плячах.
Магчыма, Езус паведаміў Крыштафу пра мучаніцкую смерць, якая яго чакае. З гэтага моманту св. Крыштаф вёў жыццё, поўнае пакаяння, аскезы, а таксама навучаў веры ў Хрыста, пацвярджаючы сваё вучэнне цудамі, адным з якіх быў цуд з посахам. Ён насіў посах з сабою, а калі ўтыкаў яго ў зямлю — той зацвітаў.
У канцы сваёй жыццёвай вандроўкі Крыштаф вяртаецца ў родныя мясціны, у Лікію (цяпер — паўднёвая Турцыя), дзе падтрымлівае хрысціянаў, якіх жорстка пераследавалі. Святы Крыштаф навярнуў у хрысціянскую веру каля васьмі тысяч людзей. Мясцовы кароль загадаў схапіць Крыштафа і паслаў за ім 200 воінаў. Але тыя, убачыўшы св. Крыштафа на малітве, навярнуліся. Кароль вымушаны быў паслаць 400 іншых воінаў, якім удалося нарэшце арыштаваць мужнага велікана. Кароль прымушаў яго адрачыся ад сваёй веры і скласці ахвяру паганскім бажкам, аднак св. Крыштаф адмовіўся.
Тады кароль укінуў яго ў турму, а тых 200 воінаў, што навярнуліся ў хрысціянскую веру, загадаў забіць. Да Крыштафа паслалі дзвюх прыгожых дзяўчат, каб яны схілілі яго да граху, але і іх Крыштаф навярнуў. Дзяўчат таксама забілі. Кароль загадаў катаваць Крыштафа. Яго пасадзілі на жалезнае крэсла, пад якім было пакладзена палаючае вуголле, але крэсла развалілася. Раззлаваны кароль загадаў прывязаць Крыштафа да слупа, і 400 салдат пачалі страляць у яго з лукаў. Але ўсе стрэлы спыняліся ў паветры, ніводная не даляцела да святога, а адна са стрэлаў змяніла напрамак і трапіла каралю ў вока, асляпіўшы яго.
Тады Крыштаф сказаў яму: «Заўтра скончыцца маё жыццё, а ты вазьмі маю кроў і памаж ёю сваё вока, тады яно зноў стане здаровым». Кароль загадаў адсячы святому галаву. Пасля зрабіў так, як сказаў яму Крыштаф, — прыклаў крыху крыві да вока са словамі: «У імя Бога і святога Крыштафа», — і вока стала здаровым. Тады кароль паверыў і выдаў указ аб тым, што кожны, хто будзе блюзнерыць супраць Бога ці супраць св. Крыштафа, будзе пакараны смерцю. Здарылася гэта каля 250 г.
У мастацтве св. Крыштаф прадстаўлены часцей за ўсё як велікан, які пераходзіць раку, на сваім плячы ён нясе Дзіцятка Езус, у руцэ трымае посах. Часам мастакі малююць св. Крыштафа з квітнеючым посахам альбо падчас мучаніцтва. Яго атрыбутамі з’яўляюцца Дзіцятка-Валадар на глобусе, пальма мучаніцтва, пустэльнік з лямпаю, рыба, кайстра для хлеба, вянок з ружаў, вёслы.
Святы Крыштаф лічыцца заступнікам ад неспадзяванай смерці; апекуном вадзіцеляў, маракоў, падарожнікаў, пілігрымаў, а таксама атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны, дзяцей; сродкаў камунікацыі; да яго звяртаюцца пры эпідэміях чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болю, пры раненнях. Святога Крыштафа залічваюць таксама да 14 заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах.
Малітва вадзіцеля
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.
|