Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
14 верасня — свята Узвышэння Святога Крыжа
Каляндар
13.09.2012 13:53

14 верасня ў Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Лічыцца, што 14 верасня 335 г. была асвячона святыня над пячорай Гробу Пана, у якім устанавілі знойдзены Крыж Збаўцы. Каб шматлікія хрысціяне, прысутныя на ўрачыстасці, маглі ўбачыць вялікую святыню, біскуп узнімаў («узвышаў») Крыж над галовамі прысутных. У Рыме свята было ўведзена папам Грыгорыем І.

Маці імператара Канстанціна Алена ў 325 г., ужо на схіле жыцця, накіравалася ў Ерузалем з надзеяй адшукаць Крыж, на якім быў укрыжаваны Езус. За два стагоддзі перад тым імператар Адрыян загадаў засыпаць месца пахавання Хрыста і пабудаваць там храмы Юпітэра і Венеры. Тым не менш Алена змагла адшукаць месца пахавання цела Хрыста, пабудавала над ім святыню і ўнесла ў яго Крыж Збаўцы. Пасля яе смерці паўсталі гісторыі аб знаходжанні Крыжа, паводле якіх былі адкапаны тры крыжы, а Крыж Хрыста выявіўся тым, што вярнуў да жыцця прыкладзенае да яго мёртвае цела чалавека.

Аб выяўленні Жыватворнага Крыжа Панскага святою Аленаю пісалі многія раннехрысціянскія аўтары. Святы Амброзій, біскуп Міланскі, у пахвальным слове Феадосію Вялікаму таксама сведчыць пра гэтую падзею. Ён згадвае пра знойдзеную таблічку ад Крыжа з надпісам, аб якой паведамляюць евангелісты, і цвіках, якімі былі прабіты рукі і ногі Хрыста. Ян Златавусны гаворыць, што калі было адкапанае «святое дрэва», то яго пазналі па таблічцы з надпісам і месцы знаходжання паміж двума іншымі крыжамі (разбойнікаў). Не адмаўляе падзеі св. Еранім, які таксама згадвае пра цвікі. Пра знойдзены Крыж Збавіцеля пісаў св. Кірыл Александрыйскі. Паўлін, епіскап Нолы, у лісце ад 403 г. напісаў, што ў Ерузалеме св. Алена збірала звесткі пра месца, дзе быў засыпаны Крыж, не толькі ў хрысціянаў, але і ў больш інфармаваных юдэяў.

У хрысціянскім еўрапейскім мастацтве легендарныя сюжэты Святога Крыжа падаюцца звычайна як агульны цыкл, і толькі Узвышэнне займае асаблівае месца. Зразумелай, як і актуальнай гістарычна, становіцца папулярнасць тэмы Крыжа Збавіцеля ў эпоху крыжовых паходаў. Значнае распаўсюджанне яна атрымлівае ў ХІІ ст., найперш на крыжовых рэліквіярыях, а таксама ў насценных роспісах храмаў.

У беларускім іканапісе таксама захаваліся абразы «Узвышэння Св. Крыжа» з XVIII ст. Сярод іх перш за ўсё трэба назваць абраз з усходу Гомельшчыны 1-й паловы XVIII ст., у якім паказаны сімвалічны аспект свята Узвышэння Крыжа. Асобнае месца ў беларускім сакральным мастацтве належыць унікальнаму абразу касцёла ў Белагрудзе (Лідскі р-н), які можа быць аднесены да 1-й паловы XVIII ст. Змест абраза складае пілігрымка св. Алены і знаходка Святога Крыжа.

Па матэрыялах часопіса «Наша вера»

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.