Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
27 верасня — успамін cв. Вінцэнта дэ Поля
Каляндар
27.09.2012 03:00

Святы Вінцэнт дэ Поль нарадзіўся ў паўднёвай Францыі ў 1581 г. у беднай сялянскай сям’і. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі ў 1600 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Праз пяць гадоў быў захоплены піратамі і тры гады правёў у рабстве ў Тунісе. Вярнуўшыся ў Францыю, быў пробашчам парафіі.

У 1617 г. святы Вінцэнт прысягнуў да канца свайго жыцця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасці — супольнасць свецкіх сясцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных. З мэтай павышэння ўзроўню ўнутранага жыцця духавенства ўвёў практыку рэкалекцый перад пасвячэннем і засноўваў духоўныя семінарыі пад кіраўніцтвам святароў-місіянераў. Паколькі сядзіба супольнасці Місій знаходзілася побач з парыжскім касцёлам святога Лазара, законнікаў пачалі называць лазарыстамі.

У 1633 г. Вінцэнт дэ Поль разам з Луізай дэ Марыяк заснаваў законную супольнасць Дачок міласэрнасці, вядомых пад назваю шарыткі (ад французскага слова charity — міласэрнасць). Святы Вінцэнт казаў так: «Асноўная мэта, дзеля якой Бог паклікаў нас, — гэта любіць Пана нашага Езуса Хрыста... Калі мы хоць на хвіліну забудземся, што бедныя з’яўляюцца целам Хрыстовым, то ў нас непазбежна паменшыцца пяшчота і любоў».

Святы Вінцэнт дэ Поль паказаў прыклад сапраўднай любові, якая не шкадуе сябе. Дзякуючы яго намаганням бедныя і ўбогія атрымлівалі дапамогу, ад галоднай смерці былі выратаваны цэлыя гарады і правінцыі. Ніякія чалавечыя пакуты не былі для яго чужымі. Святар сам збіраў сірот і пакінутых дзяцей і засноўваў для іх прытулкі, таму і зараз ён лічыцца апекуном дабрачынных арганізацый, сірот і дзіцячых дамоў.

Памёр святы ад знясілення 27 верасня 1660 года ў Парыжы. На момант яго смерці ў Францыі існавала ўжо каля 800 місій лазарыстаў, якія пазней распаўсюдзіліся па ўсім свеце.

13 жніўня 1729 г. папа Бэнэдыкт XIII абвясціў Вінцэнта дэ Поля благаслаўлёным, а 16 чэрвеня 1737 г. папа Клімент XII далучыў яго да ліку святых. Успамін — 27 верасня.


МАЛІТВА
Божа, дзеля выратавання бедных і патрабуючых, а таксама настаўлення духавенства Ты напоўніў святога Вінцэнта дэ Поля апостальскімі цнотамі; учыні нас годнымі такога ж духоўнага агню, каб мы палюбілі тое, што ён любіў, і рабілі тое, чаму ён вучыў. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.