Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мацярынства — доўг ці пакліканне?
Каляндар
13.10.2012 21:26

14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Многія кажуць, што жанчына паклікана быць маці, але ці не часта пакліканне становіцца абавязкам, а, можа яно ім і ёсць? І ўвогуле, што такое мацярынства — доўг ці пакліканне, ці нешта зусім іншае? Пра гэта мы спыталі саміх маці.

f  

 Тэрэса Клімовіч


Мацярынства для мяне — гэта Божы дар. Дар, ад якога не адмаўляюцца, які азначае пакліканне і адказнасць. Адказнасць нясе ў сабе сумленнае выкананне абавязкаў, г.зн. доўгу. Для мяне мацярынства ўключае вельмі шмат рэчаў, якія нельга супрацьпаставіць адно аднаму. Гэта самавыхаванне, і радасць, і чуйнасць, і адданасць, і пяшчота, і выклік на ўсё жыццё. А жыццё немагчыма спросціць.

а Інга Воюш

Не магу сказаць, што мацярынства для мяне — пакліканне, што я яго чакала і была неверагодна шчаслівая ад таго, што ў мяне нарадзілася дзіця. Для мяне гэта быў натуральны працяг жыцця, спакойны рух падзей — нешта заканамернае. Добра памятаю, што прачнулася ў палаце раніцай і прыйшло дакладнае ўсведамленне, што цяпер не сорамна памерці: нешта талковае паспела ў жыцці зрабіць. Колькі Бог адпусціць, буду побач са сваім дзіцём, але ж не трэба забывацца пра тое, што яно застанецца пасля таго, як я пайду з гэтага свету. То я павінна навучыць яго быць без мяне і адчуваць радасць ад жыцця самога па сабе. Гэтым і займаюся. З любоўю і радасцю.

Наталля Ташцімірава

Для мяне мацярынства — гэта пакліканне, бо калі б было доўгам, то не было б Божай любоўю, а дзіця — гэта Божы дар, які неабходна цаніць. Многія жанчыны не могуць мець дзяцей, як тады казаць пра тое, што гэта доўг? Калі жанчына паклікана да мацярынства, то зможа выхаваць і прыёмных дзяцей.

r

Валянціна Лук’янава

Мацярынства… Для мяне гэта, напэўна, ні доўг і ні пакліканне. Гэта штосьці большае. Магчыма, жыццёвая неабходнасць. І калі ўжо прываліла такое шчасце, то яно на ўсё жыццё. І цяпер нават цяжка ўявіць, як бы склаўся мой лёс, калі б не дзіця: бо ўсё верціцца вакол яго. 

Таццяна Бартко

Мацярынства для мяне — гэта цудоўнае пакліканне. Калі ў сужэнстве з’яўляецца дзіця, толькі тады яго можна назваць сапраўднай сям’ёй. Мае дзеткі для мяне і з’яўляюцца сэнсам жыцця. Гэта найвялікшае шчасце — бачыць усмешку твайго дзіцяці, першыя крокі... Мацярынства для мяне — дар Божы, за які я вельмі ўдзячна.

P.S. Ну а мы ўдзячны вам, дарагія матулі, за вашу цеплыню і клопат, за тое, што падарылі нам жыццё, і за тое, што вы ў нас ёсць! Віншуем вас з «прафесійным» святам!

  Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.