Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новы год пачалі святкаваць… калі чакалі канца свету
Каляндар
31.12.2012 03:00

Святкаванне Новага года — гэта звычайна ўпрыгожаная ёлка, смачны стол, гірлянды, агні, падарункі… Аднак ці ведаем мы, што святкаванне Новага года мае выключна хрысціянскую традыцыю і сэнс?

У заходняй літургіі 31 снежня адзначаецца ўспамін папы Сільвестра І (пам. 335 г.), аднак традыцыя святкавання Новага года звязана з асобай папы Сільвестра ІІ, які жыў у 945–1003 гг.

Паводле прароцтва Сівіллы, лічылася, што канец свету наступіць 31 снежня 999 года. Гэтая дата прыпала акурат падчас Пантыфікату Сільвестра ІІ (2 красавіка 999 г. — 12 мая 1003 г.).

Тысячы людзей з розных краін Еўропы прыйшлі ў Рым на плошчу Святога Пятра, каб сустрэць канец свету на малітве, просячы міласэрнага Бога аб прабачэнні за грахі. Стрэлкі гадзінніка набліжаліся да поўначы. Гадзіннік прабіў 12 і… наступіў новы дзень. Усе былі збянтэжаны.

Святы Айцец Сільвестр ІІ выйшаў на балкон базылікі, удзяліў упершыню ўрачыстае благаслаўленне Urbi et Orbi («Гораду і свету») і сказаў: «Радуйцеся і весяліцеся! Бог дае нам яшчэ адзін год!»

І так, з года ў год, мы чакаем гэтага свята. У розных народаў склаліся свае традыцыі святкавання, аднак сэнс не змяніўся. Кожны год дадзены нам, каб зрабіць нашае жыццё лепшым, штосьці змяніць у ім, наблізіцца да Бога.

Што прынясе новы год — мы не ведаем, аднак наступленне кожнага года мы святкуем з радасцю і хочам памятаць, што Бог дае нам яшчэ час, каб мы падрыхтаваліся да сустрэчы з Ім — мэтай нашага жыцця.

Падрыхтаваў кс. Аляксей Юркайць

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.