Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае Тыдзень цвярозасці |
Каляндар |
15.02.2013 16:36 |
Нечужы боль або пагардлівае асуджэнне? «Гэта ж чыйсці сын…» — з болем падумаеш пра спітага маладога чалавека, які заснуў на лаўцы ў вялікі мароз. Ніводная маці, калі носіць сваё дзіця пад сэрцам, калі нараджае яго, гадуе, не дапускае і думкі, што яе дзіця захварэе — стане залежным ад алкаголю. Але, на жаль, многія з іх сустракаюцца з такой бядой… раней ці пазней. У любым узросце, пры любым сацыяльным становішчы, у добрай сям’і і не маючы яе чалавек можа спатыкнуцца. І ніхто не ведае, што сталася з ім, што ён так згубіўся... Ён і сам да канца можа не разумець, як гэта сталася. Але часцей чалавек нават не ўсведамляе, што трапіў у налог. Хто, адкінуўшы непрыемныя пачуцці, адважыцца з павагай паглядзець на такога чалавека? Хто захоча зразумець, што адбываецца ў яго душы? Хто здагадаецца, што непрыняцце, асуджэнне і пагарда ўжо не здзіўляюць такога чалавека, бо ён і сам сабою пагарджае, сам сябе не паважае і ўвесь час дакарае? Каму прыйдзе на думку, што самым нечаканым для таго, хто згубіў сябе, з’яўляецца любоў і разуменне? Хоць можна, канешне, назіраць за іх павольным паміраннем, найперш паміраннем як асобы, а потым і фізічным згасаннем.
Такімі доўгімі разважаннямі падыходжу да нагоды па-новаму паглядзець на такую грамадскую праблему, як алкагалізм. У гэтыя дні ва ўсім каталіцкім свеце адзначаецца Тыдзень цвярозасці. У Беларусі ён прыпадае на 13–24 лютага. У яго межах адбываюцца адмысловыя набажэнствы, праводзяцца акцыі і розныя мерапрыемствы для залежных ад алкаголю, а таксама для сузалежных. Аб супрацоўніцтве з тымі, хто жадае вызваліцца ад залежнасці або маліцца аб цвярозасці для іншых, распавёў кс. Аляксандр Пятровіч, які ў гродзенскім пабрыгідскім касцёле кіруе Рухам цвярозасці. Асноўная мэта руху — духоўная падтрымка залежных і сузалежных. Па словах кс. Пятровіча, падчас сустрэч руху адбываецца супрацоўніцтва з тымі, хто прыходзіць па дапамогу і дабравольна жадае адкрыцца. Задача святара — гэта найперш слухаць, а ўжо потым далікатна, без навязвання выказваць сваё меркаванне, парады. Удзельнікамі сустрэч (наступная адбудзецца напрыканцы Тыдня цвярозасці — 24 лютага ў пабрыгідскім касцёле ў Гродне) могуць быць як католікі, так і людзі іншага веравызнання або няверуючыя. Для іх праводзяцца таксама рэкалекцыі — некалькі дзён, асабліва прысвечаных Богу, падчас якіх удзельнікі прабываюць у малітве, разважаюць над сваёю вераю, адносінамі з Богам і бліжнімі. Па словах кс. Пятровіча, Касцёл не прапануе радыкальных мераў, калі ў сям’ю прыходзіць алкагалізм з усімі жорсткімі яго наступствамі. Касцёл вучыць любові, узаемнай павазе і даверу. Тым не менш, Кодэкс Кананічнага Права ў выпадку насілля ў сям’і прадугледжвае наступнае: «Калі адзін з сужонкаў стварае значную небяспеку для душы або цела іншага сужонка або патомства ці іншым чынам рабіць супольнае жыццё празмерна цяжкім, то ён падае іншаму сужонку законную прычыну адысці паводле пастановы мясцовага ардынарыя або нават па ўласным рашэнні, калі зацягванне будзе небяспечным» (Кан. 1153). Касцёл, як адзначыў кс. Пятровіч, заклікае да прафілактыкі хваробы алкагалізму: праз адпаведнае выхаванне ў сям’і, прыклад бацькоў, выхаванне ў дзяцей маральных каштоўнасцяў, каб у момант выбару паміж дабром і злом ім не давялося папаўняць унутраную пустэчу ўсім, што прапануе грамадства.
На чэрвень 2012 года у Беларусі на ўліку ў наркалагічным дыспансеры налічвалася амаль 180 тысяч чалавек. Верагодна, многія з тых, хто трапіў у налог ад зялёнага змея, не ўвайшлі ў гэтую лічбу. На кастрычнік 2012 года ў Лячэбна-працоўным прафілакторыі знаходзілася 4104 чалавекі, якія пакутуюць ад хранічнага алкагалізму, з іх 975 жанчын. Пры гэтым статысты паведамляюць пра памяншэнне ў 2012 годзе (у параўнанні з 2011) смяротнасці ад выпадковага атручвання алкаголем (на 22,8 %) і смяротнасці па прычынах, звязаных з ужываннем алкаголю (на 18,8%). Валянціна Грамыка |