12–13 студзеня ў Лідзе адбылася калядная сустрэча Душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі. Ужо ў дзявяты раз сустрэча сабрала больш за 300 удзельнікаў не толькі з Беларусі, але і з Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі і Украіны.
Для падобных сустрэч не істотны нацыянальнасць або рэлігійная прыналежнасць — прысутныя становяцца адной сям’ёй з супольнай мэтай: быць сапраўды свабодным чалавекам, мець моцную волю і здольнасць разумець, што дабро, а што зло. А на гэты раз мэтай сустрэчы стала і святкаванне Божага Нараджэння.
Удзельнікі добра правялі час у размовах, забавах, імкненні дапамагчы адзін аднаму вырашыць агульныя праблемы. Вельмі важную ролю на такіх сустрэчах адыгрывае малітва, што з’яўляецца ключом і пачаткам кожнай акцыі Душпастырства цвярозасці. Таму ўдзельнікі прысутнічалі на нядзельнай Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
Пробашч парафіі кс. доктар Уладзімір Гулай назваў удзельнікаў Душпастырства цвярозасці сапраўдным узорам для іншых людзей, адзначыўшы, што пры моцнай волі і працы над сабой ёсць шанс выйсці з няволі алкагалізму, які нішчыць сем’і і здароўе, перарывае ўсе грамадскія сувязі, робіць жыццё бессэнсоўным і адрывае чалавека ад Бога.
Узрушальным перажываннем стала для прысутных дзяленне аплаткай — сімвалам паяднання і прабачэння, знакам сяброўства і любові, — якое выражае жаданне быць разам. Некаторыя з удзельнікаў сустрэчы дзяліліся аплаткай упершыню, і ў вачах многіх можна было заўважыць слёзы радасці.
Сёння вельмі часта мы сустракаемся з драмай залежнасці ад алкаголю, а таксама ад наркотыкаў, медыцынскіх прэпаратаў і іншых хімічных сродкаў. Вялікае няшчасце перажываюць самі залежныя, іх сужэнцы і асабліва дзеці. Іх беды ўзрушаюць многіх людзей, якія хацелі б ім дапамагчы, — але найчасцей застаюцца бяссільнымі перад гэтай знішчальнай смяротнай хваробай. Аднак існуе тое, што нясе надзею сярод роспачы, — гэта малітва, вера, што Бог можа вярнуць здароўе і падняць любога чалавека з бездані, у якую ён упаў.
Таму ўжо шмат гадоў Душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі кладзе націск на малітве, плёны якой відавочныя. Мэта душпастырства — праца з тымі, хто мае алкагольную залежнасць, каб прывесці іх да цвярозасці і навучыць яе захоўваць. Душпастырства цвярозасці імкнецца да выкаранення п’янства і алкагалізму і папулярызацыі цноты цвярозасці ў народзе.
У сваёй дзейнасці ўдзельнікі душпастырства кіруюцца малітвай:
«Божа, дай мне розум і духоўную згоду прыняць тое, што не ў сілах змяніць, Мужнасць змяніць тое, што магу, І мудрасць адрозніць адно ад другога».
Кс. Юрый Марціновіч (AG)
|