«Год цвярозасці зрабіў мяне больш шчаслівым, чым 35 папярэдніх гадоў…»: жыццёвая гісторыя чалавека, які змагаецца з алкагалізмам |
Грамадства |
06.09.2012 18:58 |
Трыццаць шостую вясну свайго жыцця Мікола М. (імя зменена па этычных прычынах) сустрэў цвярозым. Мужчына расказвае пра гэта і бачна, як гэта важна для яго — цэлы год Мікола не ўжывае алкаголь. Дзякуючы суполцы «Ананімныя алкаголікі» (АА), куды Мікола прыйшоў летась, яго жыццё стала змяняцца. Спецыяльна для Catholic.by малады чалавек расказаў пра тое, як ён змагаўся з зялёным змеем, як духоўныя пошукі прыводзілі яго ў манастыр і пра тое, якую ролю ў яго жыцці адыгралі «АА». Сёння цяжка паверыць, што за Міколавымі плячыма 40 прыводаў у наркалагічнае аддзяленне і 10 кадзіровак. Мужчына выглядае дастаткова здаровым чалавекам. Тым не менш, успаміны з яго жыцця даюць і іншае сведчанне… «Да прыхода ў „АА“ я стабільна на працягу 20 гадоў ужываў алкаголь. Пачаў дастаткова рана, у 15 гадоў. У 18 я ўжо ведаў, што такое „пахмяляцца“. На той час я вучыўся, падпрацоўваў і калі прапускаў працу, пачыналіся праблемы. Па жыцці я нядрэнна стартануў — пасля 9 класа пайшоў вучыцца ў каледж, пасля паступіў у Акадэмію... Патэнцыял ува мне быў, але алкаголь гэты патэнцыял знішчаў, становячыся маім пастаянным спадарожнікам. У 23 гады я быў ужо сфарміраваны алкаголік. Тады гэтага я яшчэ не разумеў. У той час мне ўжо невыносна было жыць, нават была спроба самагубства. У 24 гады я ўжо пазнаў шлях наркалогіі. Увогуле за гэты перыяд у наркалогію я трапляў каля 40 разоў. Я шукаў шляхі выхаду. Але яны не дапамагалі. Пасля першай кадзіроўкі я не піў шэсць месяцаў… Я зараз узгадваю, што баяўся нават радавацца, таму што ведаў: пасля абавязкова зноў сарвуся. У гэтыя моманты „неўжывання“ мне было дрэнна: я злаваўся, раздражняўся. Зараз я ўсведамляю, што для мяне часам няважна была прычына, па якой я піў — здараліся нават выпадкі, калі запой адбываўся і ў радасныя хвіліны. Алкаголь быў як выхад — прытупленне ўласнага болю. Я спрабаваў кадзіравацца, ляжаць у наркалогіі — нічога не дапамагала. У 30 гадоў мне стала зусім цяжка. Я быў не асабліва веруючым чалавекам, але ў гэты момант у мяне з’явілася магчымасць паехаць у манастыр — на свайго роду рэабілітацыю — і я згадзіўся. Я разумеў, што мае праблемы, звязаныя з алкаголем, сядзяць ува мне. Проста перацярпець — было немагчыма. Я не разумеў, што са мной адбываецца. Тады я пачаў шукаць адказы ў рэлігіі. Такім чынам пачалася мая, так бы мовіць, 5-гадовая эпапея. Я пабываў у чатырох манастырах. Самае большае, калі я спыняўся там, — 13 месяцаў. З пяці гадоў — тры з паловай гады пражыў у манастырах. Быў нават момант, калі я ўжо сур’ёзна нацэліўся застацца ў манастыры і нават быў у ліку братоў. Я стараўся, выконваў усе ўставы, аднак усё роўна здараліся моманты, калі я не вытрымліваў і там. Што было ў мяне ў 35 гадоў? Нічога. На той момант у мяне ўжо не было сям’і. На той момант усе мае сябры, якія першапачаткова мяне падтрымлівалі, зніклі. Большасць маіх родных таксама ад мяне адвярнуліся. У мяне здараліся выпадкі крадзяжоў у родзічаў. Ужываючы алкаголь, я прапіваў амаль усе рэчы… Да „АА“ я вырашыў прыйсці, калі мая мама — адзіны чалавек, які заўжды стараўся мне дапамагаць, сказала мне, што яна больш не ў стане змагацца за мяне. Праз свой вопыт я зразумеў: алкаголік у рэшце рэшт застанецца адзін. І калі я застаўся канчаткова адзін, тады я спужаўся. У мяне не было ні сродкаў, нічога. Літаральна тады я сустрэў чалавека, які распавёў мне пра ананімных алкаголікаў. На той момант я быў увогуле задаволены, што са мной хоць хтосьці загаварыў…» Мікалай на хвіліну замаўкае, а пасля працягвае. «Раней я не разумеў, што са мной адбываецца. Я думаў: магчыма, я хворы псіхічна? Бо, нягледзячы на маё жаданне штосьці змяніць, нічога не атрымлівалася і я ўсё роўна працягваў піць. Для мяне стала адкрыццём, што алкагалізм — гэта хвароба. Гэтаксама як і тое, што я, аказваецца, такі не адзін. Мне прапанавалі дапамогу — прайсці праграму „12 крокаў“. Гэты вось мой год цвярозасці нашмат шчаслівейшы, чым 35 папярэдніх. У мяне наладзіліся стасункі са сваякамі, сябрамі. З працай усё наладзілася. Я дакладна ўсведамляю, што мой алкагалізм — пры мне. Я ведаю, што гэта невылечная і смяротная хвароба. Як толькі я штосьці раблю для таго, каб змагацца з ёй, я жыву паўнавартасным жыццём і радуюся, як толькі я апушчу рукі, хвароба можа вярнуцца. У мяне ёсць такі вопыт, а эксперыментаваць я больш не хачу. Зараз у мяне цалкам іншае жыццё…» Сёння Мікола наведвае наркалогію, як чалавек, які хоча дзяліцца сваім вопытам, з тымі, хто там лечыцца. «Я ніколі адразу не заводжу гаворку пра Бога, — прызнаецца мужчына. — Я проста дзялюся тым, праз што я прайшоў. Я нікога ні ў чым не пераконваю. Я магу паказаць выхад, але толькі сам чалавек можа вырашыць, ці скарыстацца ім. Парадаў я стараюся не даваць. Я проста нясу „пасланне“ — расказваю пра тое, што перамагчы алкагалізм можна, трэба толькі даверыцца Богу». Гутарыў Ілья Лапато
У Беларусі «АА» працуюць з 1990 года. Сёння ў Беларусі налічваецца 73 групы «АА», у Мінску такіх груп 19. Прынцып «АА» — т.зв. метад «12 крокаў»: паступовая ўнутраная падрыхтоўка чалавека да адмаўлення ад алкаголю. 8 верасня 2012 г. у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбудзецца адкрыты навукова-практычны сімпозіум на тэму «Сям’я і залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў». У прыватнасці, будзе абмеркаваны даклад урача псіхіатра-нарколага вышэйшай Віктара Белавуса «Алкагольная залежнасць: шлях выздараўлення». |