Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першыя выпускнікі Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах атрымалі дыпломы
Беларусь - Пінская дыяцэзія
25.06.2012 11:50

«У вучэнні толькі той дасягне плёну, хто веды сістэматычна, як зярнятка да зярнятка, збірае», — гэтыя словы належаць нябеснаму заступніку Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах, біскупу Зыгмунту Лазiнскаму. Амаль тры гады таму, 3 кастрычніка 2009 г., мы святкавалі адкрыццё гэтай установы. Надышоў час атрымаць дыпломы першым выпускнікам каледжа.

40 выпускнікоў мелі радасць атрымаць дыпломы 23 чэрвеня, у вігілію ўрачыстасці Нараджэння св. Яна Хрысціцеля, з рук Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Іерарх разам з Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці і прысутнымі святарамі канцэлебравалі святую Імшу для супольнасці каледжа. Падчас гаміліі Мітрапаліт звярнуў увагу на значэнне св. Яна Хрысціцеля ў гісторыі збаўлення як чалавека, які быў пасланы Богам, каб падрыхтаваць дарогу Пану. «У пэўным сэнсе, з’яўляючыся прарокам, ён таксама быў і катэхетам. Менавіта ён вучыў людзей не адракацца ад Бога і не адмаўляцца ад Яго закону, а жыць паводле яго. Не ўсім падабалася яго навучанне, бо ён быў голасам сумлення сучасных яму людзей. Менавіта яго прынцыповая пазіцыя адносна маральных нормаў стала прычынай таго, што ён страціў сваё жыццё», — падкрэсліў Мітрапаліт.

«Святы Ян Хрысціцель, — працягваў арцыбіскуп, — называў сябе голасам, які кліча на пустыні. Гэты была не матэрыяльная, а духоўная пустыня, пустыня сэрцаў чалавечых. Ён хацеў яе ажывіць. Заданне катэхетаў — вучыць праўдам веры. Гэта нялёгкае заданне ў наш час, калі людзі самі адракаюцца ад Бога і жывуць так, як быццам Яго зусім няма. Каталіцкі Касцёл у Беларусі патрабуе новых настаўнікаў веры. Выпускнікі Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах пакліканы быць той новай і сваёй крывёю, у якой вялікую патрэбу мае Касцёл як жывы арганізм, як містычнае Цела Хрыста».

Мітрапаліт Кандрусевіч пажадаў выпускнікам поспехаў у служэнні Касцёлу і людзям, а каледжу новага дынамічнага развіцця.

Выпускны вечар завяршыўся святочна-забаўляльнай праграмай. І ўжо восенню каледж ізноў адчыніць дзверы для тых, хто жадае паглыбіць сваю веру і веды.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме