Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вялікая субота — чаканне Уваскрасення
Каляндар
26.03.2016 00:01

У Вялікую суботу вернікі прабываюць каля гробу Пана, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце і гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрасення Збаўцы.

Езус Хрыстус нясе новае жыццё

У гэты дзень Касцёл поўнасцю ўстрымліваецца ад здзяйснення Эўхарыстычнай ахвяры. Святая Камунія ўдзяляецца толькі ў форме віятыку, а з іншых сакрамэнтаў дазволена ўдзяляць толькі намашчэнне хворых і сакрамэнт пакаяння і паяднання — споведзь. Шматлікія вернікі наведваюць святыні ў гэты дзень, каб адараваць Езуса ў Эўхарыстыі каля гробу Пана, а таксама прыносяць з сабой стравы, каб благаславіць іх на велікодны стол.

У святочным кошыку абавязкова павінны быць хлеб, вяндліны, яйка і соль. Хлеб нагадвае пра «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў», вяндліны ці велікодны баранак — пра ўспамін аб пасхальным баранку, яйка — сімвал новага жыцця, якое нясе ўваскрослы Хрыстус, соль ахоўвае людзей ад сапсаванасці.

Пасхальная вігілія, якая адбываецца ў ноч Уваскрасення, лічыцца найважнейшай вігіліяй на працягу ўсяго касцёльнага года. Святы Аўгустын называе яе «маці ўсіх вігілій». У гэтую ноч Касцёл у малітоўным чуванні чакае ўваскрасення Хрыста.

Пасхальная вігілія — найважнейшая цэлебрацыя года

З самага пачатку Вялікая субота была насычана ўрачыстым чаканнем, чуваннямі і працягвалася да нядзельнага світання, да Рэзурэкцыі. З цягам часу яе абрад быў узбагачаны элементамі, якія паходзілі з рымскай традыцыі, а менавіта благаслаўленнем агню і васковай свечкі — пасхала. Гэтыя абрады распачыналі вігілію. З ІІ ст. для Пасхальнай ночы становіцца ўласцівай цэлебрацыя хросту як адна з частак вігіліі.

Пасхальная вігілія з’яўляецца найважнейшай і найбагацейшай формай літургічнай цэлебрацыі на працягу літургічнага года: гэта цэлебрацыя, у якой Касцёл прымае новых кандыдатаў у сакрамэнце хросту.

У гэтую ноч Касцёл цэлебруе святыя сакрамэнты з усім багаццем знакаў, а таксама абвяшчае найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення. Пасха з’яўляецца найстаражытнейшым хрысціянскім святам і скіроўвае чалавечыя думкі да Хрыста, які ўваскрос, перамог смерць, грэх і шатана.

Асвечаная ў гэты дзень вада з’яўляецца знакам збаўчай рэчаіснасці, перадусім у сакрамэнце хросту. Хрост і аднаўленне хросных абяцанняў займаюць пачэснае месца ў літургіі Пасхальнай ночы, бо гэты сакрамэнт уключае людзей у збаўчую таямніцу Хрыста.

Вада, якую асвячаюць у гэты дзень, ужываецца для ўдзялення сакрамэнту хросту, а таксама для акраплення вернікаў. Яе таксама прыносяць дадому, каб акрапіць памяшканне і гаспадарчыя пабудовы.

(JM)
Фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.