Найвялікшы Цуд у гісторыі |
Усяго патроху |
29.03.2016 00:09 |
«Увага! Сенсацыя! Не прапусціце!» Колькі разоў мы сустракаем такі
прыцягальны надпіс на экранах тэлевізараў ці ў інтэрнэце? Напэўна, не
раз. Нештодзённыя з’явы прыроды, найноўшыя адкрыцці вучоных,
неверагодныя факты з жыцця вядомых людзей – вось што прыцягвае ўвагу
сённяшняга чалавека.
Часта, каб даведацца аб нечым вельмі цікавым, сучасныя людзі гатовы адкласці ўбок нават найбольш пільныя справы, свае «нудныя» абавязкі. І сапраўды, на сённяшні дзень інфармацыя аб плануемым запуску першага экіпажу на Марс ці стварэнні першай у свеце атамнай батарэйкі, якая будзе даваць энергію на працягу паўстагоддзя, выклікае цікавасць многіх. Аб гэтых і іншых фактах распавядаюць шматлікія навукова-папулярныя вэб-старонкі або тэлеперадачы, напрыклад, перадача «Цуд тэхнікі» на адным з расійскіх тэлеканалаў, і шмат іншых. Адкуль такая назва – «цуд»? Чаму ўсё тое, аб чым ідзе гаворка, людзі называюць цудамі? Увогуле, што такое цуд? Гэта сапраўдная з'ява, якая займае месца ў гісторыі, ці толькі плён чалавечага ўяўлення?
На гэтыя пытанні мы пастараемся знайсці адказы, разглядаючы Найвялікшы Цуд, які запісаўся ў гісторыі чалавецтва, а менавіта Уваскрасенне Хрыста. Цікава, што ў сродках масавай інфармацыі аб гэтым факце кажуць нашмат радзей, чым аб навуковым ці эканамічным цудзе. Мяркую, таму, што сённяшніх людзей (і, як ні парадаксальна, нават хрысціян) у меншай ступені цікавіць хрысціянская рэлігія, або таму, што, пачынаючы ад эпохі асветніцтва, мы прызвычаіліся пазнаваць навакольны светшляхам эксперыментаў, якія па сваёй сутнасці выключаюць магчымасць цудаў. Што мы можам сказаць пра цуд? Слова «цуд» у лацінскай мове гучыць як miraculum. Яно азначае рэч ці з'яву, якая выклікае ў тых, хто яе ўспрымае, здзіўленне і захапленне. Націск тут кладзецца на эмацыянальнае ўспрыманне цуду. У сучасным разуменні гэтае слова азначае з'яву, якая адбываецца насуперак сталаму парадку рэчаў або якая пераходзіць парог нашых ведаў. Напрыклад, калі хтосьці з пасажыраў самалёта выжывае пасля яго крушэння, ці іншы прыклад – калі нехта вылечваецца ад анкалагічнага захворвання на апошняй яго стадыі. Гэта ўсё так ці інакш «парушае» адкрытыя людзьмі законы фізікі, хіміі, біялогіі ці іншых навук, не ўпісваецца ў агульнапрынятыя нормы або стэрэатыпы (ад грэч. моцныя, трывалыя формы).
А цяпер звернемся да асяроддзя, у якім адбыўся найвялікшы з цудаў. Добра ведаем, што Езус Хрыстус як чалавек належаў да народу Ізраэля. Старажытныя габрэі ва ўсіх сітуацыях бачылі цудоўнае ўмяшальніцтва Бога, Яго дзеянне ў гісторыі, Провід. Іх веды пра рэчаіснасць, у якой яны жылі, былі нашмат бяднейшымі, чым сёння. Таму свет для людзей, якія жылі ў той час, быў напоўнены цудоўнымі з’явамі, якія іх моцна здзіўлялі і захаплялі, што знайшло сваё адлюстраванне ў Бібліі. Для нас сёння такія з’явы, як перамога падчас бітвы ці багаты ўраджай, не з’яўляюцца чымсьці звышнатуральным. Часцей за ўсё мы прыпісваем іх чалавеку, які дзейнічае, «творыць» гісторыю. А вось для ізраэльцян усё гэта было вынікам дзеяння Бога.
Некаторыя пераконвалі ў тым, што Хрыстус насамрэч не памёр, але толькі знаходзіўся ў стане клінічнай смерці або здранцвення, з якога выйшаў дзякуючы вільготным сценкам магілы і паху зёлак, якімі жанчыны намасцілі Яго цела. Іншыя тлумачылі факт Уваскрасення выкарыстаннем хрысціянамі старажытнага міфу аб Адонісе, каханку грэчаскай багіні Афрадыты, які нават пасля смерці атрымаў магчымасць праз паўгода наведвацца да сваёй каханай у чалавечым целе, а потым на паўгода вяртаўся ў Гадэс. Прыхільнікі трэцяй гіпотэзы сцвярджалі, што паўстанне з мёртвых Езуса адбылося выключна ў сэрцах Яго вучняў, якія пасля перажытага шоку пераасэнсавалі трагічныя падзеі Вялікага тыдня, што выразілася ў іх аповедах пра Уваскрасенне. Урэшце, яшчэ адна група «рацыяналістаў» схілялася да погляду аб Уваскрасенні Пана як плёну галюцынацыі, якія перажывалі апосталы, не згаджаючыся з фактам Яго смерці, хочучы, нягледзячы на ўсё, убачыць Хрыста.
Аднак, уважліва чытаючы Евангелле, бачым, што гэтыя гіпотэзы, якія паўсталі толькі ў XVIII–XIX стагоддзі, не маюць пад сабой падставы. Па-першае, апосталы выразна абвяшчалі, што Бог уваскрасіў Езуса з мёртвых. Па-другое, Адоніса, у адрозненне ад Хрыста, ніхто ніколі не лічыў збаўцам, які дае жыццё вечнае. І па-трэцяе, апосталы не чакалі прыйсця Пана пасля Яго смерці. Калі яны пачулі ад жанчын пра Уваскрослага, не паверылі ім; больш за тое, Езусу трэба было пераконваць сваіх вучняў, што Ён – не з'ява, што Ён – жывы і сапраўдны Настаўнік. Гэтыя і многія іншыя факты з'яўляюцца для нас важкімі аргументамі, а нават, асмелюся сказаць, доказамі таго, што Найвялікшы Цуд – гэта не прадукт чыйгосьці ўяўлення, а факт, які сапраўды меў месца ў гісторыі. А кожны чалавек можа вырашыць, верыць у яго ці не. Мы прызвычаіліся да традыцыйнага вобразу хрысціянскай Пасхі як свята, з якім звязана асвячэнне і спажыванне страваў на велікодны стол, рэзурэкцыйная працэсія, можа, яшчэ начное чуванне ў касцёлах. Тое, што няспынна паўтараецца з году ў год, перастае быць цудам. Так разважаючы, мы забываемся аб адным. Сутнасць нашай дыскусіі аб «гістарычнасці» цуду зводзіцца да адказу на пытанне: ці можа збаўленне стацца «гістарычнай» рэчаіснасцю ў нашым жыцці? Уваскрасенне Хрыста для нас, хрысціян, – гэта перад усім завяршэнне вялікай справы нашага адкуплення з моцы зла і граху, распачатае ў той момант, калі «Слова сталася Целам», кульмінацыяй якога ёсць Мука і Смерць нашага Адкупіцеля і Збаўцы.
Збаўленне ж – гэта не што іншае, як адкупленне, якое здзейснілася ў жыцці канкрэтнага верніка. Калі мы верым у магчымасць збаўлення кожнага чалавека, то мы таксама можам сказаць, што верым у магчымасць «гістарычнай» рэалізацыі Найвялікшага Цуду. Бо вечная радасць у Божым Валадарстве, інакш кажучы, нашае збаўленне, павінна стацца для кожнага з нас найвялікшым цудам у жыцці. |